Рэпрэсаваныя дзеячы культуры
(Крыніца:
Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы,
грамадзкія і культурныя дзеячы 1794—1991)
1.
АБРАНТОВІЧ Фабіян (14.9.1884, засьценак Вераскоўшчына Наваградзкага пав. – 2.1.1946, Масква, турма «Бутырка»), бел. рэлігійны і грамадзкі дзяяч, каталіцкі сьвятар усх. абраду, публіцыст, філёзаф. Духоўную
адукацыю атрымаў у Пецярбургу ў сэмінарыі і ў Мітрапалітальнай духоўнай
каталіцкай акадэміі. 9.9.1909 пасьвечаны ў сьвятары. Працягваў вучобу ў
каталіцкім ун-це ў Лёвэне (Бэльгія, 1912-14), дзе абараніў доктарскую
дысэртацыю ў філязофіі. Адзін з заснавальнікаў у траўні 1917 бел.
хрысьціянскага руху і саюзу «Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць». Быў адным
з ініцыятараў і арганізатараў правядзеньня ў траўні 1917 у Менску зьезду бел.
каталіцкага духавенства. 6.8.1918 А. разам зь біскупам Лазінскім адправіў
першую бел. імшу ў Менску. Сябраваў з Б.Эпімах-Шыпілам і Я.Купалам (у студз. –
лют. 1920 дзяжурыў каля ложка хворага паэта ў менскім шпіталі). Актыўна выступаў
за ўвядзеньне бел. мовы ў набажэнства ў каталіцкім касьцёле і духоўных
навучальных установах, пра што неаднаразова пісаў на старонках пэрыядычных бел.
рэлігійных выданьняў «Krynica» (1917-20, Петраград – Менск – Вільня) і
«Chryscijanskaja Dumka» (1928-29, Вільня). З 1918 рэктар Менскай духоўнай
каталіцкай сэмінарыі. Выкладаў у сэмінарыі і пасьля эвакуацыі яе спачатку ў
Наваградак, а потым у Пінск. З 1926 ў Ордэне айцоў марыянаў у Друі. У 1929-38
вёў місіянэрскую дзейнасьць у Харбіне (Кітай) сярод расейскай эміграцыі. У 1939
вярнуўся ў Зах. Беларусь, дзе ў канцы вер. арыштаваны савецкімі ўладамі і
зьняволены ў турму ў Львове. Закатаваны ў Бутырскай турме. Месца пахаваньня
невядомае.
Літ.: Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. Vilnia, 1939;
Божым шляхам (Парыж). 1957, № 76-81; Гарбінскі БРД, с. 3-4, 233-256;
Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917–1937:
Martyrologium. Lublin, 1998; Царква (Менск). 1998, № 1; ЭГБ, т. 1.
2.
АГОЛ Язэп
(Ізраіль) (2.12.1891, Бабруйск – 10.3.1937, Менск), філёзаф, біёляг, публіцыст,
паліт. дзяяч. Член РСДРП з 1915. За ўдзел у рэвалюцыйным руху ў Бабруйску
высланы ў Туруханскі край. Са жн. 1918 сябра Краявога камітэту камуністычных
арганізацыяў Беларусі і Літвы, які кіраваў дзейнасьцю падпольных арганізацыяў.
Са студз. 1919 сакратар Менскага гарвыканкаму, намесьнік камісара ў справах
фінансаў БССР. Дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду Саветаў (лют. 1919), член
ЦВК Літоўска-Беларускай ССР. З 1921 слухач Інстытуту чырвонай прафэсуры ў
Маскве. З 1924 супрацоўнік Інстытуту філязофіі (сэкцыі прыродазнаўчых навук) у
Маскве, пазьней – лябараторыі генэтыкі Біялягічнага інстытуту. У праблемах
генэтыкі дразафілы некалькі гадоў працаваў у ЗША. З 1934 акадэмік АН Украінскай
ССР. Распрацоўваў філязофскія праблемы біялёгіі, асабліва генэтыкі. У 1936
арыштаваны. Расстраляны 10 сак. 1937. Рэабілітаваны пасьмяротна.
Тв.: Новый
мятеж // Правда. 4.3.1921; Происхождение животных и человека. – Масква, 1924
(Кіеў, 1935); Диалектический метод и эволюционная теория. – Маск.; Лен., 1927;
Хочу жить: повесть. – Маск., 1936.
Літ.: ЭГБ, т.
1.
3. АГУЛЬНІК Мэнахем (1889 – пасьля 1956, Чувашыя?),
гісторык. Працаваў загадчыкам гэбрайскага аддзелу БелАН. Арыштаваны 6.12.1937.
10.10.1938 прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Паўторна арыштаваны 5.4.1949 МГБ
Чуваскай АССР. 15.6.1949 прысуджаны да ссылкі ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны
20.6.1956. Пасьля 1956 жыў у Ібрэсі ў Чувашыі. Далейшы лёс невядомы.
Літ.:
Возвращенные имена.
4.
АГУРСКІ Самуіл
(29.4.1884, Горадня – 19.8.1947, Паўладар, Казахстан), гісторык і публіцыст.
Член Бунду, удзельнік рэвалюцыі 1905, у 1906-17 у вымушанай эміграцыі ў Англіі
і ЗША. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Беларусь. У 1918 быў
вайсковым камісарам у Віцебску. Працаваў у гісторыка-партыйных установах у Менску
і Маскве: у 1924-29 загадчык Гістпарту ЦК КП(б)Б, нам. дырэктара Інстытуту
гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б; у 1930-33 дырэктар Гіспарту пры Маскоўскім
камітэце ВКП(б). З 1934 дырэктар Інстытуту гэбрайскай пралетарскай культуры,
намесьнік дырэктара Інстытуту нацыянальных меншасьцяў БелАН. З 1936
член-карэспандэнт БелАН. Шмат займаўся гісторыяй Бунду і рэвалюцыйнага руху. У
«Нарысах па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі (1863-1917)» (1928) зрабіў
спробу сыстэматызаваць гісторыю рознанацыянальнага рэвалюцыйнага руху. Адным зь
першых распачаў барацьбу супраць т. зв. беларускага нацыянал-дэмакратызму.
Паліт. абвінавачаньні А. паўплывалі на трагічныя лёсы Ігнатоўскага, Жылуновіча
і інш. Ва ўмовах вострай ідэйна-паліт. барацьбы і прычэпліваньня ярлыкоў падпаў
пад крытыку сам. Арыштаваны 4.3.1938, пастановай Асобай нарады пры НКВД СССР ад
15.8.1939 сасланы ў Казахстан на 5 гадоў. Памёр у Паўладары ад крывацёку ў
мозаг. Рэабілітаваны 7.4.1956 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР.
Тв.: Борьба
против уклонов на историческом фронте // Пролетарская революция. 1929, № 11;
Октябрьские бои в Москве. – Маск., 1932.
Літ.: Михнюк
В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941
г.). – Менск, 1985; ЭГБ, т. 1; Возвращенные имена.
5.
АДАМАЎ Уладзімер
(12.6.1875, Санкт-Пецярбург – 1937?) батанік, дасьледнік расьліннага сьвету
Беларусі. Выпускнік Пецярбурскага ун-ту (1899). Працаваў у навуковых установах
Беларусі: загадчык аддзелу Менскай балотнай досьледнай станцыі, сэкцыі
Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага Інстытуту прыкладной батанікі, кіраўнік
геабатанічнай экспэдыцыі Наркамзему БССР. Заснавальнік батанічных садоў БДУ і
Вялікалятчынскага (каля Віцебску). Ахвяра рэпрэсіяў.
Тв.: Бачэйкаўскі сад і палац // Віцебшчына. Т. 1. –
Менск, 1925; Обзор растительности Белорусского Полесья. Менск, – 1928 (разам з
А.Д.Лазук).
Літ.: БЭ, т.
1.
6.
АДАМОВІЧ Антон
(26.6.1909, Менск – 12.6.1998, ЗША), бел. літаратуразнавец, гісторык, празаік.
У 1920-х пісаў пра творчасьць сучасных яму бел. літаратараў, у тым ліку
манаграфічнае дасьледаваньне пра творчасьць М.Гарэцкага. Першая друкаваная
праца – рэцэнзія на зборнік В.Маракова «Пялёсткі» (Чырвоны сейбіт, 1926). У
1928 скончыў МБПТ, паступіў у БДУ. 25.7.1930 арыштаваны ў справе «Саюзу
вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў
Глазаў, у 1934 пераведзены ў Вятку (Кіраў), дзе працаваў у навучальных
установах. Арыштоўваўся зноў 25(?).6.1937. Вызвалены ў 1938, вярнуўся ў Менск.
Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. У час вайны заставаўся ў
Менску. Зь ліп. 1941 – адзін з арганізатараў выданьня шэрагу бел. газэт,
часопісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Менскай гарадзкой
управе для арганізацыі выпуску газэт. Адначасова быў галоўным рэдактарам
Краявога выдавецтва «Менск», кіраваў Беларускім навуковым таварыствам, працаваў
у «Менскай (Беларускай) газэце». У канцы 1943 пераехаў у Нямеччыну. Працаваў у
газ. «Раніца» (Бэрлін). У лягеры для перамешчаных асоб выдаваў газ. «Ведамкі»,
«Бацькаўшчына», час. «Конадні» і «Сакавік». З 1960 жыў у ЗША. Тады ж стаў адным
з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода». Творчая спадчына А. – каля 250 прац, у тым
ліку, на ангельскай, нямецкай і расейскай мовах.
Тв.: Максім
Гарэцкі: (Спробы манаграфіі аб творчасьці) // Узвышша. 1928, № 1-6; Большевизм
на путях установления контроля над Белоруссией. – Мюнхен, 1954; Якуб Колас у
супраціве саветызацыі: досьледы і матэрыялы. – Мюнхен, 1955; Большевизм в
революционном движении в Белоруссии: Исследования и материалы. – Мюнхен, 1956;
Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры. – Мюнхен, 1956, (анг.
пераклад 1958); Як дух змаганьня Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэньня Івана
Луцкевіча) (1981).
Літ.: Пастанова беларускага літаратурна-мастацкага згуртаваньня «Узвышша» аб палітычных памылках у літаратурна-публіцыстычнай творчасьці // Узвышша. 1930, №1; Куніцкі С. Крытычныя артыкулы Антона
Адамовіча як адлюстраваньне буржуазнай нацыянал-дэмакратычнай ідэалёгіі //
Полымя. 1931, №2; Мальдзіс А. Адамовіч Антон // БП, т. 1; Маракоў Л. Антон
Адамовіч // Голас Радзімы. 1999, 13-20 траўня.
7.
АДАМОВІЧ Язэп
(26.12(7.1).1897, Барысаў – 22.4.1937), дзяржаўны дзяяч. Удзельнічаў у 1-й
сусьветнай вайне, ваяваў на Паўднёва-Зах. і Румынскім франтах (ст.
унтэр-афіцэр; узнагароджаны 3 Георгіеўскімі крыжамі). У войску (1916) далучыўся
да сацыялістычнага руху. У канцы таго ж году быў паранены і знаходзіўся на
лячэньні ў Харкаве, дзе і сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю 1917. Праводзіў
рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат, выбіраўся членам палкавога камітэту і
Харкаўскага Савету. Каб нэўтралізаваць ягоны ўплыў, камандаваньне зноў
адправіла А. на фронт. Увосені 1917 дэмабілізаваны, працаваў сакратаром
Барысаўскага павятовага Савету. Улетку 1918 начальнік гарнізону і вайсковы
камісар Смаленскай губ.; зь вер. 1918 – вайсковы камісар Магілёўскага і
Лепельскага вайсковых Саветаў, потым вайсковы камісар Менскай губ. Зь вер. 1920
народны камісар у вайсковых справах БССР, адначасова з 1921 народны камісар
унутраных справаў БССР і намесьнік старшыні ЦВК і СНК БССР. Браў удзел у падрыхтоўцы
да ўтварэньня СССР. Актыўна займаўся ўзбуйненьнем тэрыторыі БССР – быў
упаўнаважаным СНК БССР у справе далучэньня Віцебскай губ. У сак. 1924 – траўні
1927 старшыня СНК БССР. Паводле словаў Я.Пушчы, у А. знаходзілі падтрымку
нацыянальна арыентаваныя літаратары. Дзеля канфлікту зь першым сакратаром ЦК
КП(б)Б А.Крыніцкім быў пераведзены на працу ў Маскву. З траўня 1927 старшыня
праўленьня Цукратрэсту СССР, з 1932 працаваў на Далёкім Усходзе начальнікам
Камчацкага акцыянэрнага таварыства, кіраўніком цукровых і рыбакансэрвавых
прадпрыемстваў. У атмасфэры масавых рэпрэсіяў і цкаваньняў скончыў жыцьцё
самагубствам. Яго імем названая вуліца ў Барысаве.
Літ.: Шамардзіна С. Старонкі зь біяграфіі Язэпа Адамовіча // Полымя. 1966, №4; ЭГБ, т. 1.
8.
АДВАЖНЫ Вінцук (сапр.:
Германовіч Язэп; 4.3.1890, мяст. Гальшаны Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер
Ашмянскі р-н – 26.12.1978, Лёндан), каталіцкі сьвятар усх. абраду, паэт,
публіцыст. Вучыўся ў Гальшанскай пачатковай і Ашмянскай гарадзкой школах; у
1913 скончыў Віленскую духоўную каталіцкую сэмінарыю. 29.6.1913 пасьвечаны ў
сьвятары; працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканату. У 1921 уступіў у
Таварыства беларускай школы; арганізаваў адну зь бел. школ, у касьцёле
прамаўляў па-беларуску. Гэта выклікала незадаволенасьць ерархаў, і А. вымушаны
быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924 уступіў у ордэн марыянаў. Служыў там
пробашчам, адначасова выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў мясцовай гімназіі.
Празаічныя і паэтычныя творы А. рэгулярна зьяўляліся на старонках пэрыядычнага
друку («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»). З 1932 на місіянэрскай працы ў
Харбіне, дзе таксама быў дырэктарам гімназіі. У 1936 вярнуўся ў Вільню, кіраваў
Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 дэпартаваны разам са студэнтамі ў
Цэнтральную Польшчу. Зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй
і перададзены савецкім ворганам бясьпекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых
работ у лягерах. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў Сібіры. Пасьля сьмерці Сталіна
вызвалены. Выехаў у Польшчу, а ў 1959 у Італію, затым у Вялікабрытанію. Пра
сваё знаходжаньне ў лягерах напісаў успаміны «Кітай – Сібір – Масква», што былі
апублікаваныя на бел., італьянскай, польскай, літоўскай мовах. У эміграцыі
рэдагаваў час. «Божым шляхам» (Лёндан).
Тв.: А.В. Унія на Палесьсі: Вершаваная дыскусія ўніята, праваслаўнага манаха і р.-к. ксяндза. – Альбэртын,
1932; W.A. Bielaruskija Cymbaly (Zbornik wiersau). – Wilnia, 1933; Chlapiec:
Powiesc. – Wilnia, 1935; Na Daloki Uschod. – Wilnia, 1937 (пад сваім прозьвішчам); Вінцук Адважны. Кітай – Сібір – Масква. – Мюнхен, 1962; Вінцук
Адважны. Байкі і іншыя вершы. – Лёндан, 1973.
Літ.: Ласкоў
І. Шлях пакутніка: Па старонках адной малавядомай кнігі // ЛіМ, 9.2.1990;
Сачанка Б. Сняцца сны... С. 12-14; Станкевіч А. Аб жыцьці і творчасьці В.А.
(Вінцука Адважнага) // W.A. Bielaruskija Cymbaly. Wilnia, 1933; Юрэвіч Л.
Літаратурная спадчына: новы погляд // Беларус (Нью-Йорк). 1997. Жнівень;
Гарбінскі БРД С. 51-52, 289-296; БП, т. 1.
9. АДЗІНЕЦ Аркадзь (9.8.1895, в. Парэчча Бабруйскага пав.
Менскай губ., цяпер Глускі р-н – пасьля 1957, Башкірыя?), мовазнавец. У 1915-18
служыў у царскай арміі. У 1918-19 вучыўся на пэдкурсах, працаваў загадчыкам
Народнага дому ў в. Рудабелка. У 1920 мабілізаваны ў Чырвоную армію, у якой
служыў да канца 1921. У 1922-23 настаўнічаў на вёсцы. У 1924 скончыў Бабруйскі
пэдтэхнікум, працаваў настаўнікам у Мазыры. У 1928 скончыў БДУ, вучыўся ў
асьпірантуры БелАН. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня
Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Чэбаксары
Чуваскай АССР на 5 гадоў. 25.7.1935 пастановай Асобай нарады тэрмін высылкі
падоўжаны на 3 гады. Працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры,
бухгалтарам Водаканалтрэсту. З 1941 ва Ўфе, працаваў бухгалтарам трэсту
«Стэрлітамакбуд». Рэабілітаваны 15.11.1957. Пасьля рэабілітацыі жыў у
Стэрлітамаку Башкірскай АССР. Далейшы лёс невядомы.
Кр.: НАРБ,
ІКР.
10.
АДЗЯРЫХА Міхась
(1904, в. Белічы Слуцкага пав. – 1938, ?), краязнавец. З 1922 вучыўся на
пэдагагічным ф-це БДУ. Дасьледаваў руіны замку ў Койданаве. Удзельнічаў у
краязнаўчым руху. У 1927 арыштаваны ГПУ БССР, як «удзельнік маладзёжнай
контррэвалюцыйнай арганізацыі». Сасланы ў Вятку. Абставіны і дата сьмерці
невядомыя.
Тв.:
Апісаньне Койданаўскага замку // Наш край. 1926, №1.
Літ.: Вяргей В. Археалягічная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 г. – Менск, 1992; Улашчык М. Краязнаўства. – Менск, 1999. С.13.
11.
АЗБУКІН Мікалай
(1894, Бабруйск – 24.11.1943, ?), географ, краязнавец, публіцыст, дзяяч бел.
нацыянальнага руху. Паходзіў зь сям‘і патомных дваранаў. У 1912-17 вучыўся ў
Пецярбурскім ун-це. Пасьля сканчэньня вучобы выкладаў геаграфію і
прыродазнаўства ў Бабруйскай гімназіі. Далучыўся да бел. нацыянальнага руху,
сябра камітэту Беларускага культурна-асьветнага таварыства ў Бабруйску. Падчас
польскай акупацыі ў 1919 арыштаваны. Восеньню 1920 стаў дырэктарам бабруйскай
школы імя Я.Купалы. Увесну 1921 зноў арыштаваны ўжо савецкімі ўладамі дзеля
падазрэньня ў прыналежнасьці да партыі бел. эсэраў. З 1921 працаваў у Менску: у
Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР, у Інстытуце беларускай
культуры, з 1929 на катэдры геаграфіі БелАН. У кнізе «Географія Эўропы»
трактаваў Беларусь як самадастатковую краіну. Адзін з галоўных арганізатараў
краязнаўчага руху ў Беларусі, сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, першы
рэдактар часопіса «Наш край». У пачатку 1928 у БССР існавала ўжо 301
краязнаўчая арганізацыя, якія аб‘ядноўвалі 10510 чалавек. Імклівае пашырэньне
краязнаўчага руху, глыбока патрыятычнага ў сутнасьці, выклікала занепакоенасьць
камуністычных уладаў, і на краязнаўцаў абрынуліся рэпрэсіі. А. быў арыштаваны
21.7.1930 і абвінавачаны ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» і
пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Налінск на 5 гадоў. Ёсьць
зьвесткі, што зноў быў асуджаны ў 1937 (?). Загінуў у 1943 у зьняволеньні.
Паводле сьведчаньня Ю.Бібілы, расстраляны нібыта за спробу перайсьці мяжу на
поўдні СССР. Рэабілітаваны 15.11.1957 Вярхоўным судом БССР.
Тв.: Географія Эўропы. – Маск.-Лен., 1924 (у суаўтарстве з А.Смолічам); Географія па-заэўрапейскіх краёў. –Менск, 1925 (у суаўт.); Школьная карта Беларусі. – Менск, 1925 (разам з А.Смолічам); Нашы мястэчкі (Матэрыялы да геаграфічнага слоўніка) // Наш край. 1925, №2-3; Мястэчка Шацак // Тамсама. 1927, №1.
Літ.: ЭГБ, т.
1; Возвращенные имена.
12.
АКСЭЛЬРОД Зэлік
(30.12.1904, Маладэчна – 26.6.1941, Менск), паэт, перакладчык. Пачаў выступаць
у друку з 1921. Пісаў на ідыш. У 1922-25 вучыўся ў Вышэйшым
літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава ў Маскве, у 1928 скончыў літаратурны
ф-т Маскоўскага пэдінстытуту. Перакладаў бел. і расейскую клясыку (Я.Купала,
А.Пушкін, М.Някрасаў). Член БелАПП з 1928, член СП СССР з 1934. Пасьля
вяртаньня ў Беларусь працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, а з 1931 адказны
сакратар гэбрайскага час. «Штэрн» («Зорка»). Пераклаў паэму «Вялікаму Сталіну
ад беларускага народу». Арыштаваны НКВД 30.5.1937; расстраляны 26.6.1941 у
Менску. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.: БП, т. 1.
13.
АКСЭЛЬРОД Любоў (1868, мяст. Дунілавічы Вялейскага пав. Віленскай губ, цяпер Пастаўскі р-н – 5.2.1946, Масква), філёзаф, літаратуразнавец. З 1884 у рэвалюцыйным руху. У 1887 эмігравала ў Францыю. Член
групы «Вызваленьне працы», пасьлядоўніца Г.Пляханава. У 1900 скончыла Бэрнскі
ун-т. Уступіла ў «Саюз расейскіх сацыял-дэмакратаў за мяжой». Супрацоўнічала ў
газ. «Заря» (1901-02), «Искра» (1901-05). У 1903 пасьля ІІ зьезду РСДРП
далучылася да меншавікоў. Вярнулася ў Расею (1906). Друкавалася ў газ.
«Северо-Западный край», час. «Наша заря», «Современный мир», «Дело».
Распрацоўвала пытаньні эстэтыкі, гісторыі філязофіі і гістарычнага
матэрыялізму. У 1915 выслана з Петраграду. У 1917 член ЦК партыі меншавікоў,
пляханаўскай групы «Адзінства». У 1918 адышла ад паліт. дзейнасьці. З 1921 у
Маскве, выкладала філязофію ў Інстытуце чырвонай прафэсуры, Дзяржаўнай акадэміі
мастацкіх навук, займалася сацыялёгіяй мастацтва. Рэпрэсаваная ў 1930-я.
Тв.:
Философские очерки. – Маск., 1906.
Літ.: ЭГБ, т.
1.
14.
АЛЕКСАНДРОВІЧ Андрэй
(9(22).1.1906, Менск – 6.1.1963, Падмаскоўе), паэт, перакладчык, публіцыст, член-карэспандэнт
АН БССР. Сярэднюю
і вышэйшую адукацыю атрымаў у Менску: скончыў МБПТ (1925), БДУ (1930). У гады 1-й сусьветнай вайны стаў удзельнікам хору У.Тэраўскага. Наведваў «Беларускую хатку». Адзін
з арганізатараў літаратурнага аб‘яднаньня «Маладняк». У 1925 рэдактар час.
«Малады араты», працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і менскіх выданьняў
(«Наш працаўнік», «Чырвоная Полаччына», «Бальшавік Беларусі», «Заклік»). Першыя
паэтычныя зборнікі «Па беларускім бруку», «Прозалаць». У 1934-37 намесьнік
старшыні праўленьня СП БССР, дырэктар Інстытуту мовы БелАН, у 1931-37 член ЦВК
БССР, у 1936-37 кандыдат у члены ЦК КП(б)Б. У 1930-я ў час цкаваньня бел. руху
далучыўся да гэтай кампаніі. У паэме «Цені на сонцы» (1930) «выкрыў» вядомых
бел. літаратараў і вучоных. Разгромным у дачыненьні да бел. літаратуры быў і
яго выступ на ІІІ пленуме праўленьня СП СССР. Вылучыўся ў русіфікацыі бел. мовы
– у падрыхтаваным пад яго рэдакцыяй «Руска-беларускім слоўніку» (1937) былі
парушаныя лексычныя нормы бел. мовы. Першы раз арыштаваны 2.7.1938 і асуджаны
на 15 гадоў лягераў; у 1938-47 на Крайняй Поўначы, працаваў на будоўлі
Нарыльскага мэталургічнага камбінату. Тэрмін зьняволеньня быў скарочаны да 8
гадоў, і ў 1947 ён выйшаў на волю. У 1947-48 – літсупрацоўнік шматтыражкі
Менскага трактарнага заводу, але ў 1948 яму забаранілі працаваць у друку, нейкі
час быў брыгадзірам будаўнікоў. Зноў арыштаваны 26.2.1949 і сасланы ў
Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1955. Потым жыў і працаваў у Менску. Памёр у
санаторыі ў Падмаскоўі. Пахаваны ў Менску.
Тв.: Зб. тв.
Т. 1-2. –Менск, 1963; Творы. – Менск, 1981.
Літ.: Да
дзесяцігодзьдзя творчай працы Андрэя Александровіча: Сьпіс літаратуры // Кніга
масам. 1932, № 1; БП, т. 1.
15.
АЛЬШЭЎСКІ Анатоль
(21.6(4.7).1904, мяст. Бяроза-Картуская Пружанскага пав. Гарадзенскай губ.,
цяпер г. Бяроза Берасьцейскай вобл. – 1937, Менск), публіцыст, дзяяч рэв. руху
ў Зах. Беларусі. У 1919 у 15-гадовым узросьце ўступіў у Чырвоную армію, ваяваў
на Палесьсі; тады ж стаў членам РКП(б). У 1920 быў накіраваны на вучобу ў
Камуністычны ун-т імя Сьвярдлова ў Маскве. У 1925, як ураджэнец Зах. Беларусі,
накіраваны туды на падпольную работу. Быў сакратаром ЦК КСМЗБ, членам ЦК КСМ
Польшчы. У 1926 і 1928 выбіраўся членам ЦК КПЗБ. Актыўна займаўся публіцыстыкай
і рэдактарскай справай – рэдагаваў цэнтральныя ворганы ЦК КПЗБ «Бальшавік» і
«Чырвоны сьцяг». Востра крытыкаваў палітыку польскага ўраду ў Зах. Беларусі. У
1927 арыштаваны польскімі ўладамі і зьняволены ў Варшаве. У 1928 праз абмен
паліт. вязьнямі трапіў у СССР. У 1932 зноў закінуты ў заходнебел. камуністычнае
падпольле, але ў ліп. таго ж году вернуты ў Менск. Працаваў у рэдакцыі
Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. З 1933 на прафсаюзнай рабоце. У 1937
арыштаваны; загінуў у засьценках НКВД. Рэабілітаваны пасьмяротна. Імя
Альшэўскага нададзена вуліцам у Бярозе і Пружанах. У Бярозе захаваўся дом, дзе
ён жыў; там устаноўлена мэмарыяльная шыльда.
Літ.: Орехво
Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. – Менск, 1983; Калесьнік Ул. Пасланец
Прамэтэя: Дакум. аповесьць. – Менск, 1984; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў;
ЭГБ, т. 1.
16.
АЛЯХНОВІЧ Мікола
(8(21).4.1903, Барысаў – 9.4.1959, Ленінград), літаратурны крытык. Паводле
ўласных прызнаньняў (у анкеце «Маладняка») літаратурнай дзейнасьцю пачаў
займацца з 1918, друкавацца – з 1919. З 1919 да 1921 удзельнічаў у
грамадзянскай вайне на баку «чырвоных»: спачатку партызаніў на Барысаўшчыне,
потым у складзе стралковай дывізіі ваяваў на Зах. фронце. Пасьля вяртаньня ў
1921 да цывільнага жыцьця пачаў вывучаць мэдыцыну ў БДУ, але ў 1924, на трэцім
курсе, пакінуў вучобу. На працягу году выкладаў бел. мову і літаратуру ў
працоўнай школе, а потым на агульнаадукацыйных курсах у Барысаве. З 1925
належаў да літаратурнага аб‘яднаньня «Маладняк», у 1925-27 кіраўнік Барысаўскай
філіі аб‘яднаньня. 24.11.1925 удзельнічаў у першым зьезьдзе «Маладняка». У 1930
скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ. Вучыўся ў
асьпірантуры, у 1932-34 быў навуковым супрацоўнікам сэкцыі літаратуры Інстытуту
мовы, літаратуры і мастацтва Беларускай Акадэміі навук. У 1930-36 – выкладчык
МВПІ; у 1935 атрымаў званьне дацэнта. Арыштаваны НКВД 26.11.1936, у 1938
асуджаны на 12 гадоў зьняволеньня. Высланы на Калыму, працаваў доктарам у
лягерным мэдпункце, пазьней – у псыхіятрычным аддзяленьні клінікі. У 1945
пераведзены ў Тайшэт (Іркуцкая вобл.), у 1956 – у Карагандзінскую вобл.
Рэабілітаваны ў 1957. Пасьля вызваленьня жыў у Ленінградзе. Да літаратурнай
дзейнасьці не вярнуўся, займаўся мэдычнымі дасьледаваньнямі.
Літ.: Саламевіч Я. Адзін зь першых // ЛіМ. 1978, 21 крас.; БП, т. 1.
17.
АЛЯХНОВІЧ Францішак (9.3.1883, Вільня – 3.3.1944, Вільня), драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст. Зь
дзяцінства выхоўваўся ў артыстычным асяродзьдзі: бацька працаваў скрыпачом у
тэатры. Сыстэматычнай адукацыі не атрымаў, хоць і рабіў некалькі спробаў
вучыцца ў Віленскай гімназіі, Віленскай хімічна-тэхнічнай школе і ў Кракаўскім
ун-це. У 1904 паступіў у Варшаўскую драматычную школу, пасьля сканчэньня якой у
1907 вандраваў з трупай акцёраў. У 1908 вярнуўся ў Вільню, дзе ўладкаваўся
рэпарцёрам, пачаў выдаваць на польскай мове гумарыстычны час. «Perkunas». Тады
ж далучыўся да бел. нацыянальнага руху. За публікацыю антыцарскага артыкула
часопіс «Perkunas» быў закрыты, а рэдактар трапіў пад сьледзтва. Уцёк у
Аўстра-Вугорскую імпэрыю, дзе працаваў акцёрам у Кракаве і ў польскіх тэатрах
Галіччыны. У 1913 у Расейскай імпэрыі была аб‘яўлена амністыя, і хоць пад яе
трапляла толькі частка «злачынстваў» рэдактара час. «Perkunas», А. вярнуўся ў
Вільню, дзе яго асудзілі на год астрогу. У Лукіскай турме ў Вільні пачаў пісаць
п‘есы. У чэрв. 1918 перабраўся ў Менск. Увесну 1919 вярнуўся ў Вільню і выдаваў
час. «Беларускае жыцьцё», спрабаваў арганізаваць тэатар. Увосені 1919 зноў
пераехаў у Менск, дзе быў дырэктарам і рэжысэрам Беларускага тэатру, які
фундаваўся польскімі ўладамі. Зь ліп. 1920 у Вільні, у 1921-23 рэдагаваў газ.
«Беларускі звон». Выдаў кнігу «Беларускі тэатар» (1924). У ліст. 1926 прыехаў у
Менск на Акадэмічную канфэрэнцыю, застаўся ў Савецкай Беларусі; працаваў
літаратурным кіраўніком у адкрытым БДТ-2 у Віцебску. Там і быў арыштаваны 1
студз. 1927; атрымаў 10 гадоў зьняволеньня на Салаўках. У вер. 1933 абмяняны
ўладамі на вязьня польскай турмы Б.Тарашкевіча. Пасьля вяртаньня ў Вільню
напісаў успаміны пра знаходжаньне ў сав. лягерах «У капцюрох ГПУ». Твор
упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газ. «Slowo»; расейскі пераклад
успамінаў апублікавала парыская газ. «Возрождение». У 1935 у Вільні ўспаміны
выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай «Siedem lat w szponach
G.P.U.» У 1937 у Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай
«Prawda o Sowietach». Твор перакладаўся на італьянскую мову («La verita sulla
Russia Bolscevica») і на партугальскую ў Бразіліі («Sete annos nas garras
sovieticas»). Украінскі пераклад друкавала газ. «Діло», рэдакцыя якой затым
выпусьціла ўспаміны асобнай кнігай «7 літ на Соловках». Толькі ў канцы 1937
аўтар здолеў выдаць кнігу на бел. мове. Калі ў 1940 у Вільню ўвайшлі савецкія
войскі, А. апынуўся на нелегальным становішчы. У часе нямецкай акупацыі
рэдагаваў газ. «Bielaruski holas». У сак. 1944 застрэлены на сваёй кватэры
савецкімі дывэрсантамі, засланымі з-за лініі фронту. А. – аўтар 20 п‘ес. Яго
творы зноў пачалі друкаваць і ставіць на бел. сцэне ў 1990-я.
Тв.:
Беларускі тэатр. – Вільня, 1924; У капцюрох ГПУ. – Менск, 1994.
Літ.:
Крывіцкі Л. (Луцкевіч Л.). Францішак Аляхновіч // Ніва (Беласток).1990, № 2-3;
Сабалеўскі А. Адметны сьлед // Спадчына. 1990, №3; Яго ж. На адраджэнскай хвалі
// Полымя. 1992, № 5; Бяляцкі А. «Як я памру…» // Маладосць. 1990, № 10; Няфёд
У.І. Францішак Аляхновіч: Тэатральная і грамадзка-палітычная дзейнасьць. –
Менск, 1996; БП, т.1; ЭГБ, т. 1.
18.
АНІСАЎ Сяргей
(6(19).10.1906, в. Тур‘я Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер
Краснапольскі р-н – 7.3.1987, Менск), дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Зах. Беларусі,
журналіст. У 1927-32 на камсамольскай рабоце ў БССР; працаваў нам. галоўнага
рэдактара газ. «Чырвоная зьмена» і «Рабочий». У траўні 1932 накіраваны на
падпольную работу ў Зах. Беларусь. Быў членам сакратарыяту ЦК КСМЗБ; актыўна
працаваў як журналіст, быў рэдактарам газ. «Малады камуніст» і «Poborowiec»,
час. «Маладая гвардыя» і «Камсамолец». Са сьнеж. 1934 першы сакратар ЦК КСМЗБ,
са жн. 1935 першы сакратар Берасьцейскага акруговага камітэту КПЗБ. У 1932-33
арганізоўваў страйкі рабочых лясных промыслаў у Белавескай і Ружанскай пушчах,
беластоцкіх тэкстыльшчыкаў. З кастр. 1935 зьняволены ў польскай турме. У
1939-45 у нямецкім лягеры ваеннапалонных. Пасьля вайны працаваў у друку.
Арыштаваны савецкімі ўладамі 10.2.1950. Аўтар прац з гісторыі Зах. Беларусі і
КСМЗБ.
Літ.: ЭГБ, т. 1; БЭ, т. 1.
19.
АНІСЬКА Дамінік
(7.1.1888, в. Слойнікі Сакольскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае
ваяв., Польшча – 28.12.1971, Лёндан, Вялікабрытанія), бел. рэлігійны і
грамадзкі дзяяч, публіцыст. Скончыў расейскую пачатковую школу ў в. Яноўшчына
(Сакольcкі пав.), у 1906 – гарадзкую школу ў Саколцы. У 1907-09 служыў у
расейскай арміі. Аўтар віленскай газ. «Беларус». Ваяваў у 1-ю сусьветную вайну
ў складзе расейскай арміі. Вярнуўшыся ў родныя мясьціны ў 1918, быў
мабілізаваны ў польскае войска. З 1923 афіцэр запасу. Браў удзел у бел.
рэлігійным і грамадзкім руху, быў аўтарам бел. каталіцкага час. «Хрысьціянская
думка». Выдаў некалькі брашур: «Да беларускага народу», «Усё ў міласьці». У 1939
мабілізаваны ў польскае войска. Да 1940 знаходзіўся ў Літве. Быў арыштаваны
бальшавікамі, спачатку знаходзіўся ў лягеры ў Казельску, пасьля – у Валагодзкай
вобл. У 1942 уступіў у армію генэрала Андэрса, разам зь ёю выйшаў у Іран, а
адтуль у Палестыну. З 1949 жыў у Вялікабрытаніі. Быў аўтарам бел. рэлігійнага
час. «Божым шляхам» (Парыж-Лёндан).
Літ.: Дамінік Аніська: Нэкралёг // Беларус (Нью-Ёрк). 1972, №178.
20.
АНІХОЎСКІ
Аляксандр (29.5.1897, в. Старыца Слуцкага пав. – пасьля 1956), пэдагог, дацэнт.
У 1915-24 працаваў настаўнікам на Случчыне, затым загадчыкам акруговых аддзелаў
палітасьветы і народнай асьветы ў Клімавічах. У 1927 скончыў пэдагагічны ф-т
БДУ. У 1927-30 інспэктар пэдагагічных тэхнікумаў Наркамасьветы БССР. Арыштаваны
ГПУ БССР 13.7.1930, праходзіў у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931
асуджаны на 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у Слабадзкім Кіраўскай вобл. З
1934 жыў у Вятцы. Працаваў эканамістам на заводзе безалькагольных напояў.
Паўторна арыштаваны ў пачатку жн. 1935 за адказ ад супрацоўніцтва з НКВД;
сасланы на 5 гадоў у Іванава. Зноў арыштаваны 31.7.1943. Вайсковым трыбуналам
войскаў НКВД 14.10.1943 асуджаны на 10 гадоў лягераў. З 1956 жыў у
Іванава-Вазьнясенску, працаваў эканамістам на мэблевым камбінаце. Рэабілітаваны
па першым прысудзе 15.11.1957, па другім – 15.10.1956.
Кр.: НАРБ, ІКР.
Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў
Беларусі. – Менск, 2000; Илькевич Н. Адам Бабарека: арест, лагерь, смерть. –
Смоленск, 1999; Міхнюк У. «Забраны ў астрог мы з забранага краю» // Полымя. 1999, №5.
21.
АНІШЧЫК Аляксей
(19.7.1912, хутар Мондзіна Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Наваградзкі
р-н), мэмуарыст, пэдагог, журналіст, грамадзкі дзяяч. Скончыў Наваградзкую
гімназію і эканамічны ф-т Пазнанскага ун-ту; магістар эканамічных навук.
Працаваў у Катавіцах, кіраваў курсамі для інжынэраў і тэхнікаў. У вер. 1939
запісаўся ў батальён, які абараняў Варшаву ад немцаў, за што пазьней быў
узнагароджаны мэдалём. Пасьля капітуляцыі Польшчы вярнуўся ў Наваградак, дзе
выкладаў у школе бел. мову і літаратуру. Потым на Беласточчыне быў дырэктарам
школы. У 1941 выкладчык і загадчык школы ў мяст. Уселюб Наваградзкага р-ну. З
1942 выкладчык Наваградзкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі. Публікаваўся ў
газ. «За праўду», са студз. 1944 яе рэдактар. У лют. – траўні 1944 загадчык
Наваградзкай друкарні, у траўні – чэрв. супрацоўнік сэктару радыёперадач
Беларускага культурнага цэнтру ў Менску. Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэсу
1944. Пры адступленьні нямецкіх войскаў выехаў у Нямеччыну. У 1945-46 жыў у
Кракаве, працаваў у газэтах. Узначаліў ваяводзкі аддзел выдавецтва «Czytelnik»
у Вроцлаве і Шчэціне. Арыштаваны савецкімі спэцслужбамі ў траўні 1948; вывезены
ў Менск. За супрацоўніцтва зь немцамі прысуджаны да расстрэлу, замененага 25
гадамі зьняволеньня. Правёў у лягерах Запаляр‘я і Мардовіі 14 гадоў. Вызвалены
ў 1962. Вярнуўся на Радзіму. Працаваў эканамістам у Наваградзкім р-не і ў
Лідзе. Потым пераехаў у Літву (Эйшышкі). Цяпер жыве ў Вільні. Узначальвае
суполку віленскіх бел. палітвязьняў. Член СП Беларусі з 2000.
Тв.: Мондзінская балада: Дакумэнтальная аповесьць. –
Вільня, 1996; За калючым дротам: (Нарысы, вершы). – Вільня, 1996; Наваградзкая
Беларуская Гімназія. – Вільня, 1997; Сяргей Хмара. – Вільня, 1998.
Літ.: Мілаш
Л. Аляксею Анішчыку – 90 // Кантакты і дыялогі. 2002, № 5-6.
22.