Леанід Маракоў

Прадмова да кнігі "Вынішчэнне"

  

  29 кастрычніка 1937 г., у дзень Ленінскага камсамола і, напэўна, у гонар 20-годдзя кастрычніцкага перавароту, у сталіцы Беларусі Мінску адбылася акцыя, аналагаў якой яшчэ не ведала гісторыя чалавецтва. На працягу ночы былі расстраляны 22 (!) беларускія і яўрэйскія літаратары. Ахвярамі сталінскага генацыду сталі: Якаў Бранштэйн (39 гадоў), Віктар Вайноў (Войнаў) (33), Анатоль Вольны (34), Платон Галавач (34), Алесь Дудар (32), Хацкель Дунец (40), Міхась Зарэцкі (35), Васіль Каваль (30), Язэп Каранеўскі (56), Майсей Кульбак (41), Аляксей Кучынскі (45), Саламон Левін (25), Юрка Ляѓвонны (29), Валеры Маракоў (28), Зяма Півавараў (27), Васіль Сташэўскі (42), Ізі Харык (41), Пятро Хатулёў (25), Міхась Чарот (40), Макар Шалай (31), Павел Шастакоў (38), Арон Юдэльсон (30).

  Разам з літаратарамі расстралялі выкладчыка Мінскага Белпедтэхнікума Ігната Афанасьева, былога наркама асветы Аляксандра Варончанку, настаўніка Івана Жывуцкага, дырэктара ўпраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР Іосіфа Кудзельку, студэнта гістфака Ленінградѓскага дзяржаўнага універсітэта Саламона Лямперта, загадчыка секцыі геаграфіі Інстытута эканомікі АН БССР Стэфана Маргелава, вучонага-аграхіміка Рыгора Пратасеню, загадчыка вучэбнай часткі Мінскага вышэйшага педінстытута Міхаіла Рыѓдзеўскага, фізіка Яўгена Успенскага, другога былога наркама асветы Аляксандра Чарнушэвіча, іншых навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі. Усяго ѓѓ- 52 чалавекі.

  У наступную ноч крывавы спіс дапоўнілі прозвішчы журналіста Прохара Іспраўнікава, празаіка Янкі Нёманскага, паэтаў Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна. Усяго - 26 чалавек.

  Але і праз 50 гадоў нашчадкі расстраляных не будуць ведаць праўды пра лёс сваіх сваякоў, бо пасля смерці галоўнага забойцы ўсіх часоў і народаў атрымаюць даведкі аб 'рэабілітацыі': 'Ваш бацька (маці і г.д.) памёр ад інфаркту (інсульту, туберкулёзу і г.д.) у турэмнай бальніцы (лагеры, на фронце, па дарозе дахаты)'. І праз 50 гадоў многія з тых, хто не атрымаў 'пісулек-рэабілітацыяў', працягвалі жыць надзеяй на вяртанне сваіх блізкіх, - чакалі.

  'Крымінальныя' справы рэпрэсаваных, але нерэабілітаваных пісьменнікаў і дагэтуль застаюцца сакрэтнымі нават для даследчыкаў.

  Аднаму з самых маладых сярод расстраляных тымі днямі літаратараў Юлію Таўбіну было 26 гадоў. Як выявілася, паэту ўдалося адправіць наѓшчадкам ліст з 'таго свету'. Незадоўга да арышту Юлі Таўбін паслаў у Ленінградскае аддзяленне выдавецтва 'Художественная литература' падборку перакладаў на рускую мову вершаў Альфрэда Хаўсмана, якія потым увайшлі ў зборнік 'Антология новой английской поэзии' (выйшаў праз 20 дзён пасля расстрэлу паэта). Пераклад верша анѓглійскага паэта 'Законы Бога и людей' якраз і прагучаў своеасаблівым пасланнем з таго свету:

  

  ...Себе другой избрал я путь -

  Они хотят меня вернуть.

  Но я, хуля законы их,

  Им не навязывал своих.

  Мол, как угодно, господа, -

  Раз вы туда, так я сюда.

  Так нет же! Им стерпеть нельзя,

  Что у него своя стезя.

  Они грозят - иди назад,

  Не то - тюрьма, петля и ад.

  Как не робеть мне! Суд их скор.

  Могу ль вступить в неравный спор?

  Не я построил этот мир.

  Я в нем блуждаю, чужд и сир.

  Хоть глупые, но господа -

  Они. Их сила, их права.

  А нам на Марс не улететь

  С тобой, душа моя... Так впредь

  Смирись и следовать сумей

  Законам Бога и людей...

  

  У тым юбілейным для бальшавікоў 1937-м, калі іх гвардзейцы-энкавэдысты пачалі татальнае вынішчэнне нацдэмаў (інтэлектуальнай беларуѓскай эліты), толькі за тры асеннія месяцы пачварамі таталітарнага рэжыму было расстраляна больш за пяцьдзесят беларускіх пісьменнікаў. За дзесяцігоддзе ж - з 1930-га па 1939-ы г. - рэпрэсавана не менш за 350 беларускіх літаратараў. Амаль палову з іх - расстралялі.

  'Рэпрэсаваны'... Знайшлі ж бальшавікі слова! Не канкрэтнае - 'расстраляны' або загублены на катарзе, ці замардаваны ў ссылцы, а замежнае, не кожнаму да канца зразумелае - 'рэпрэсаваны' (з лацінскай repressor - падаўленне).

  Карная машына не кранула: Э.Агняцвет, А.Асѓтрэйку, В.Барысенку, П.Броўку, Л.Бэндэ, З.Бядулю, В.Вітку, Ю.Віцьбіча, В.Вольскага, П.Глебку, К.Губарэвіча, І.Гурскага, З.Жыткевіча, П.Кавалёва, М.Клімковіча, К.Крапіву, А.Куляшова, А.Кучара, М.Ларчанку, Я.Ліманоўскага, М.Лынькова, Я.Маўра, М.Модэля, Р.Мурашку, Я.Рамановіча, Я.Садоўскага, М.Цэлеша, Я.Шарахоўскага, А.Якімовіча і некалькі дзесяткаў менш вядомых аўтараў.

  У спісы ахвяр уключаны і пісьменнікі-пачаткоўцы, якія з-за 'ранняга' арышту не паспелі акунуцца ў актыўнае літаратурнае жыццё: М.Гваздоў, С.Мурзо, С.Русаковіч і інш. Называюцца і аўтары, што загінулі ў выніку тэрарыстычных актаў (Ф.Акінѓчыц, Ф.Аляхновіч, М.Гурын-Маразоўскі, У.Казлоўскі, В.Іваноўскі) або вымушанага самагубства (М.Галадзед, У.Ігнатоўскі, А.Чарвякоў).

  Названы і прадстаўнікі дыяспары, якія турмы, канцлагеры і высылкі таксама спазналі не па чутках: А.Адамовіч, В.Адважны, Н.Арсеннева, У.Дудзіцкі (Гуцька), В.Жук-Грышкевіч, Х.Ільяшэвіч, М.Кавыль, А.Калубовіч, Я.Кіпель, У.Клішэвіч, Р.Крушына, Л.Крывічанін, Ф.Кушаль, Я.Найдзюк, В.Рагуля, Я.Станкевіч, П.Сыч, М.Сяднёў, У.Сядура, С.Хмара і іншыя.

  Пры падрыхтоўцы спісаў мне вельмі дапамаглі старэйшыя нашы пісьменнікі С.Грахоўскі, П.Пруднікаў, вядомыя даследчыкі У.Адамушка, А.Мальдзіс, У.Міхнюк, Л.Савік, Я.Саламевіч, В.Скалабан, Я.Янушкевіч, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выдавецтва 'Беларуская Энцыклапедыя', Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Літаратурнага музея Янкі Купалы, іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.

  У працэсе збору біябібліяграфічных і іншых звестак з жыцця і творчасці рэпрэсаваных літаратараў былі знойдзены фотаздымкі аўтараў, якія раней не былі змешчаны ў энцыклапедыях або даведніках: Г.Брэскай, У.Прыбыткоўскага, У.Сядуры, А.Траецкага, П.Хатулёва, М.Шалая.. Гэтая праца працягваецца.

  Пры апрацоўцы спісаў у камп'ютэрнай праграме Microsoft Excel па датах нараджэння, смерці і арыштаў высветлілася наступнае:

  З 540-570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920-1930-я гады ХХ ст., бальшавікі рэѓпрэсавалі не менш за 440-460 (80%), а калі ўлічваць аўтараў, змушаных пакінуць Бацькаўшчыну і, па сутнасці, перапыніць свой удзел у творчым жыцці на Радзіме, рэпрэсіям падвергліся не менш як 500 літаратараў (90%). Гэтыя лічбы супадаюць і са звесткамі, прыведзенымі У.Сядурам у яго грунтоўным дакладзе 'Беларуская культура і таталітарызм', з якім ён выступіў у сакавіку 1953 г. на навуковай канферэнцыі ў Мюнхенскім інстытуце па вывучэнні гісторыі і культуры СССР. Прагучала інфармацыя 'аб знішчэнні (органамі ГПУ-НКВД. - Л.М.) бадай усіх прадстаўнікоў нацыянальна-адраджэнчай плыні ў беларускай літаратуры. 500 без аднаго знішчаных маладнякоўцаў, бальшыня ліквідаваных палымянцаў і ўзвышэнцаў'.

  Маючы на ўвазе, што асноўнай сілай інтэлігенцыі таго часу пераважна былі дзеячы літаратуры - паэты, празаікі, драматургі, крытыкі, журналісты, перакладчыкі, публіцысты, рэдактары, выдаўцы, вучоныя гуманітарных напрамкаў - філосафы, гісторыкі, літаратуразнаўцы, мовазнаўцы, географы, краязнаўцы і іншыя, якія таксама актыўна выступалі ў перыядычным друку, атрымліваем ВЫНІК: у 30-я гады была знішчана духоўная моц, мозг нацыі, што мы і адчуваем апошнія шэсць дзесяцігоддзяў. Зрэшты, можа стацца і так, што галоўныя вынікі гэтага этнагенацыду, магчыма, яшчэ наперадзе.

  Шэраг беларускіх літаратараў арыштоўвалі як царскія, так і бальшавіцкія ўлады (таксама польскія: Радаслаў Астроўскі, Стафан Багушэўскі і інш.) (значыць, бальшавікі пачыналі не на голым месцы, а быццам перанялі эстафету ад царскага рэжыму):

  драматург і тэатральны дзеяч Францішак Аляхновіч (1913, 1927), празаік і журналіст Іван Баранкевіч (1905-1907, 1931, 1941), пісьменнік Іван Батрак (Казлоўскі) (1915, 1930-я), дзяржаўны дзеяч, публіцыст Радзівон Бонч-Асмалоўскі (1908, 1930, 1938), пісьменнік і перакладчык Дарафей Бохан (1907, 1939), гісторык Барыс Брэслаў (1901 і яшчэ 4 разы да 1917, 1937), гісторык Барбара Будкевіч (1906, 1909, 1937), публіцыст Аляксандр Бурбіс (1906, 1917, 1918), палітычны дзеяч і публіцыст Хаім Гельфанд (да 1917 - неаднаразова, 1921), паэт, сатырык, мемуарыст Анатоль Дзяркач (1908, 1936), гісторык Яўсей Канчар (1906, 1938), бібліёграф, гісторык, журналіст Абрам Кіржніц (да 1917 - неаднаразова, 1917, 1938), палітычны дзеяч і публіцыст Юльян Ленскі (1914, 1937), пісьменнік, мовазнавец, акадэмік АН Беларусі Язэп Лёсік (1905, 1911, 1922, 1930, 1938), палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, гісторык, выдавец Антон Луцкевіч (1904, 1919, 1920, 1927, 1939), палітычны дзеяч, публіцыст Міхаіл Маёраў (да 1917 - неаднаразова, 1938), палітычны дзеяч і публіцыст Язэп Мамонька (да 1917 двойчы, 1917, 1918, 1920, 1921, 1928), гісторык і публіцыст Стасіс Матулайціс (1898, 1937), дзеяч рэвалюцыйнага руху, публіцыст Станіслаў Мертэнс (1913, 1925, 1937), дзяржаўны дзеяч і публіцыст Васіль Рагуля (1906, 1928, 1939), грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог Сымон Рак-Міхайлоўскі (1905, 1927, 1933), літаратуразнавец, краязнавец і гісторык Уладзімір Стукаліч (1889, 1918), выдавец, публіцыст, грамадскі дзеяч, рэдактар 'Нашай нівы' Аляксандр Уласаў (1910, 1921, 1939).

  ПЕРШЫМІ бальшавікі арыштавалі (18 снежня 1917 г.) культурнага і палітычнага дзеяча, публіцыста Аляксандра Бурбіса, грамадскага дзеяча, паэта Аляксандра Вазілу, паэта і літаратуразнаўца Ігната Дварчаніна. Неўзабаве былі забраны грамадскі і ваенны дзеяч, публіцыст, перакладчык і педагог Кастусь Езавітаў, палітычныя дзеячы Язэп Мамонька і Васіль Захарка.

  ПЕРШЫМ, каго новыя ўлады расстралялі, быў літаратуразнавец, гісторык, краязнавец Уладзімір Стукаліч (18 кастрычніка 1918 г. ў Віцебску).

  ПЕРШЫ МАСАВЫ расстрэл беларускіх літаратараў адбыўся ў маі 1934 г. Тады ў ноч з 17 на 18-га энкавэдысты расстралялі грамадскага і палітычнага дзеяча, празаіка, паэта і журналіста Андрэя Капуцкага, педагога і публіцыста Міхаіла Кахановіча, загадчыка аддзела газеты 'Звязда' Аляксанѓдра Нікалаева-Астравецкага, аспіранта БДУ, паэта Алеся Салагуба, навуковага супрацоўніка Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР, публіцыста Лявона Бабровіча. Усяго 17 мая 1934 г. было расстраляна 25 чалавек.

  АПОШНІМІ літаратарамі, знішчанымі ў 'амерыканцы' (унутраная турма НКВД) , сталі адзін з першых, каго бальшавікі арыштавалі - Кастусь Езавітаў, юрыст, гісторык Мікалай Шкялёнак, удзельнiк антысавецкага руху, публіцыст Янка Філістовіч і, верагодна, літаратуразнавец, лінгвіст, педагог, рэдактар, аўтар 'Практычнага расійска-беларускага слоўніка' (з М.Гарэцкім) і 'Беларуска-расійскага слоўніка' (разам з С.Некрашэвічам) Мікола Байкоў.

  ПЕРШЫМ у ссылцы загінуў паэт Уладзімір Жылка (1.3.1933). АПОШНІМ - празаік Барыс Мікуліч (17.6.1954).

  ПЕРШАЯ хваля арыштаў беларускіх літаратараў пачалася ў канцы чэрвеня 1930 г. На працягу двух месяцаў былі арыштаваны больш за 50 лепшых сыноў Беларусі: А.Адамовіч, М.Азбукін, А.Бабарэка, П.Бузук, М.Грамыка, У.Дубоўка, А.Дудар (у ссылцы), Я.Дыла, Ф.Ждановіч, У.Жылка, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, У.Пічэта, Я.Пуѓшча, А.Сак, В.Шашалевіч, Б.Эпімах-Шыпіла, Аляксандр і Іван Цвікевічы, браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія, Чэслаў і Леапольд Родзевічы.

  Пра арышты, праведзеныя польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі ў 1927 - 1929 гг., калі былі арыштаваны Ф.Акінчыц, А.Альшэўскі, Я.Бабровіч, П.Валошын, М.Гурын-Маразоўскі, М.Дварэцкі, Х.Ільяшэвіч, Ф.Каравацкі, С.Клінцэвіч, М.Краўцоў, А.Луцкевіч, А.Любецкая, Я.Мамонька, М.Машара, П.Мятла, С.Новік-Пяюн, У.Паўлюкоўскі, П.Пестрак, В.Рагуля, С.Рак-Міхайлоўскі, Б.Тарашкевіч, В.Таўлай, С.Хмара і іншыя, трэба гаварыць асобна.

  ДРУГАЯ буйная хваля арыштаў пачалася 23 лютага 1933 г. Толькі за адну ноч энкавэдысты арыштавалі: С.Астрэйку, З.Віталіна (Сергіевіча), Ф.Гінтаўта, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, Л.Калюгу, С.Ліхадзіеўскага, М.Лужаніна, С.Русаковіча.

  ТРЭЦЯЯ і самая працяглая хваля арыштаў пачалася (па гэтак званай 'разнарядке') увосень 1936 г. і доўжылася да пачатку-сярэдзіны 1938 г. За паўтара года было рэпрэсавана больш за 200 літаратараў (шмат хто паўторна): А.Адамовіч, М.Азбукін, М.Аляхновіч, З.Астапенка, А.Бабарэка, М.Багун, С.Баранавых, П.Бузук, Я.Бяганская, А.Вольны, І.Воўк-Левановіч, П.Галавач, У.Галубок, Ц.Гартны, браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, А.Дудар, А.Дзяркач, Ф.Ждановіч, І.Замоцін, М.Зарэцкі, А.Звонак, В.Каваль, У.Клішэвіч, Т.Кляшторны, Ф.Куляшоў, В.Ластоўскі, Т.Лебяда, Я.Лёсік, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Б.Мікуліч, Я.Нёманскі, А.Пальчэўскі, М.Піятуховіч, П.Пруднікаў, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Сак, Я.Скрыган, Л.Случанін, А.Смоліч, В.Сташэўскі, М.Сяднёў, А.Сянкевіч, Б.Тарашкевіч, Ю.Таўбін, У.Хадыка, І.Харык, В.Хомчанка, М.Чарот, К.Чорны, С.Шушкевіч і інш.

  ЧАЦВЁРТАЯ хваля пачалася ўвосень 1939 г. пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР і ўваходу ў Вільню Чырвонай Арміі. Арыштавалі Ф.Абрантовіча, В.Багдановіча, Д.Бохана, Я.Быліну, В.Жук-Грышкевіча, М.Краўцова, Ф.Кушаля, А.Луцкевіча, А.Неканда-Трэпку, Я.Міско, Я.Найѓдзюка, С.Новіка-Пеюна, Я.Пазняка, В.Рагулю, У.Самойлу, Я.Станкевіча, П.Сыча, А.Уласава, Ф.Умястоўскага, С.Хмару, М.Чатырку... Лёс злітаваўся толькі над М.Машарам, М.Танкам, В.Таўлаем і яшчэ некалькімі 'заходнікамі'.

  ПЯТАЯ хваля арыштаў пачалася ў канцы 1944 г. і працягвалася амаль да смерці І.Сталіна. Арыштоўвалі вернутых з Захаду падманам або сілай 'уцекачоў' К.Езавітава, Т.Лебяду, Л.Случаніна, М.Шкялёнка і паўторна 'недабітых' у 1930-я гг. нацдэмаў А.Александровіча, М.Ганчарыка, С.Грахоўскага, У.Дубоўку, Б.Мікуліча, А.Пальчэўскага, С.Сахарава, Я.Скрыгана, М.Улашчыка, М.Хведаровіча, С.Шушкевіча і інш.

  Наймаладзейшымі сярод больш чым 500 арыштаваных беларускіх літаратараў былі: паэт Міхась Кавыль (Язэп Лешчанка), празаік Васіль Хомчанка, літаратар Аўген Калубовіч (усе рэпрэсаваны ў 18 гадоў). Найстарэйшым, у 71 год, арыштавалі мовазнаўца Браніслава Эпімах-Шыпілу (1930).

  Наймаладзейшымі сярод расстраляных, верагодней за ўсё, былі аўтар паэмы 'Бенгалія' (пакуль не знойдзена), выпускнік славутага Мінскага Белпедтэхнікума Сяргей Астрэйка (расстраляны ў 24 гады), паэт Уладзімір Кавальскі (пісаў на польскай мове) і выпускнікі яшчэ аднаго 'гнязда нацдэмаў', мінскага вышэйшага Белпедінстытута, крытыкі Саламон Левін і Пятро Хатулёў (расстраляны ў 25 гадоў). Найстарэйшым, у 69 гадоў, расстралялі (відаць, у Маскве) пісьменніка Гілеля Калмансона (магчыма, разам з сынам, літаратурным крытыкам і паэтам Г.Лялевічам).

  Па колькасці арыштаў (улічаны арышты, якія былі праведзены расійска-царскімі, савецкімі, польскімі, літоўскімі і нямецкімі ўладамі) 'чэмпіёнамі' з'яўляюцца: Язэп Мамонька (7 разоў), Анатоль Бонч-Асмалоўскі, Міхаіл Гольман, Барыс Брэслаў (усе па 6 разоў), Вінцэнт Гадлеўскі, Гаўрыла Гарэцкі, Клаўдзій Душэўскі, Кастусь Езавітаў, Андрэй Капуцкі, Язэп Лёсік, Аляксандр Лупіновіч, Антон Луцкевіч, Сяргей Новік-Пяюн (па 5), Варвара Бонч-Асмалоўская, Максім Бурсевіч, Аляксандр Вазіла, Палута Бадунова, Уладзіслаў Галубок, Максім Гарэцкі, Хаім Гельфанд, Восіп Гласко, Аляксандр Данялюк, Ігнат Дварчанін, Абрам Кіржніц, Сямён Клінцэвіч, Міхась Кукабака, Мікалай Марцінчык, Паўліна Мядзёлка, Антон Неманцэвіч, Мікола Улашчык (па 4 разы).

  Тройчы арыштоўваліся: М.Абрамовіч, М.Азбукін, Ф.Аляхновіч, С.Анісаў, М.Анішчык, А.Бабарэка, Я.Бабровіч, В.Багдановіч, І.Баранкевіч, У.Беняшэвіч, Р.Бонч-Асмалоўскі, Б.Будкевіч, П.Бузук, А.Бурбіс, А.Вайнштэйн, А.Гародня, У.Гінтаўт-Дзевалтоўскі, С.Грынкевіч, А.Дабулявічус, У.Дубоўка, А.Дудар, Я.Дыла, Н.Емяльянаў, П.Жаўрыд, П.Ільючонак, У.Каліноўскі, П.Каравайчык, Б.Кіт, І.Краскоўскі, Ф.Купцэвіч, В.Ластоўскі, П.Лепяшынскі, Ю.Лісѓтапад, А.Лябецкая, М.Маёраў, М.Машара, Мелхіседэк, С.Мертэнс, Я.Міско, П.Мятла, У.Паўлюкоўскі, К.Петрусевіч, М.Пецюкевіч, Ф.Пірышка, У.Пракулевіч, В.Рагуля, С.Рак-Міхайлоўскі, Л.Родзевіч, Д.Розеншэйн, Р.Сабаленка, А.Салагуб, А.Сузін, Б.Тарашкевіч, В.Таўлай, А.Уласаў, А.Цвікевіч.

  Вельмі нечаканыя вынікі высвятляюцца, калі супаставіць колькасць рэпрэсаваных літаратараў Беларусі з колькасцю рэпрэсаваных літаратараў іншых рэспублік былога СССР. Рускі журналіст і даследчык Эдуард Белтаў (цяпер жыве ў Ізраілі) ужо больш за чвэрць стагоддзя збірае матэрыялы пра незаконна рэпрэсаваных у 1930 - 1950-я гг. дзеячаў культуры, вучоных, ваенных і асобна (паводле прафесійных прыхільнасцяў) пісьменнікаў. Па звестках Э.Белтава, на Украіне было рэпрэсавана каля 500 літаратараў (загінула больш за 150). У Расіі - каля 600. У гутарцы з журналістам штотыднёвіка 'Книжное обозрение' (1988. ? 25. 17 июѓля. С. 7.; пазнейшых публікацый расійскага даѓследчыка няма ў 'персаналіях' Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі) Э.Белтаў расказаў, што 'вопреки моим предположениям, репрессированных русских литераторов оказалось меньшинство. Из тысячи погибших (маецца на ўвазе ўвесь СССР; паводле дадзеных Э.Белтава, у час культу асобы было рэпрэсавана каля 2000. - Л.М.) примерно семьсот - писатели союзных и автономных республик. По национальным литературам был нанесен такой сокрушительный удар, что некоторые из них от него еще не оправились и вряд ли оправятся в ближайшее время'.

  Дык вось: з 2000 рэпрэсаваных у СССР літаратараў каля 500 (чвэрць) прыходзіцца на Беларусь, колькасць насельніцтва якой складала ў час рэпрэсіяў у СССР менш за 5 працэнтаў.

  У 1958 г. Інстытутам вывучэння СССР (ЗША) была выдадзена манаграфія Уладзіміра Сядуры 'Доля беларускай культуры пад Саветамі' (у 1959 г. выйшла на нямецкай мове). Аўтар разбівае паслякастрычніцкі час гісторыі Беларусі на пяць перыядаў, 'якія вызначаліся галоўнымі зменамі ў галіне нацыянальнай палітыкі савецкае ўлады':

  1. Перыяд адноснага рэнесансу (1920 - 1929).

  2. Трагічны перыяд змагання партыі з беларускім нацыянал-дэмакратызмам і нацыянальнымі ўхіламі (1930-1940).

  3. Перыяд вымушаных уступак нацыянальнай культуры ў часе вайны (1941 - 1945).

  4. Перыяд жданаўскай рэакцыі і сталінскай кананізацыі (1946 - 1952).

  5. Перыяд замены сталінскай кананізацыі г. зв. 'калектыўным кіраўніцтвам' партыі (1953-1958)'.

  Здаецца, толькі з характарыстыкай другога перыяду гісторыі Беларусі можна паспрачацца. Відаць, больш правільна было б казаць не пра 'змаганне партыі з беларускім нацыянал-дэмакратызмам', а пра ЗНІШЧЭННЕ партыяй беларускай эліты, мозгу нацыі, яе інтэлектуальнага генафонду. На гэты перыяд прыпадае 4 з 5 хваляў арыштаў.

  Сёння мы ўжо можам прадоўжыць перыядызацыю У.Сядуры:

  6. Перыяд 'хрушчоўскай адлігі' (1957-1965). Закрануў ён і Беларусь. Найбольш характэрным паказчыкам гэтага перыяду з'яўляецца выхад шэрагу твораў рэпрэсаваных пісьменнікаў, з'яўленне артыкулаў пра жыццёвы і творчы шлях пакутнікаў, успамінаў ацалелых.

  7. Перыяд застою, або перыяд 'ціхай', але сталай і нязменнай палітыкі антыбеларусізацыі (1966-1986). За дваццаць гадоў у выніку поўнай русіфікацыі ўсёй сістэмы адукацыі колькасць насельніцтва, якое размаўляла па-беларуску, значна зменшылася.

  8. Перыяд другога адноснага рэнесансу, або перыяд дэмакратызацыі (галоснасці) (1987 - 1994). Упершыню пачалі выходзіць творы пісьменнікаў-эмігрантаў. Колькасць беларускіх школ пачала павялічвацца (упершыню за апошнія 60 гадоў).

  9. Перыяд, які яшчэ працягваецца, чакае свайго вызначэння, даследчыкаў (ад 1994 і да нашых дзён).

  

  Першага жніўня 1937 г. на вялікім вогнішчы ў 'амерыканцы' гарэла некалькі дзесяткаў тысяч (!) рукапісаў. Гарэлі творы, якія не праскочылі цэнзуру або пісаліся ў стол, для нас, нашчадкаў. Гарэлі рукапісы пісьменнікаў М.Багуна, С.Баранавых, А.Вольнага, П.Галавача, У.Галубка, Ц.Гартнага, М.Гваздова, С.Дарожнага, А.Дзеркача, А.Дудара, М.Зарэцкага, С.Знаёмага, В.Каваля, Т.Кляшторнага, Ю.Лявоннага, В.Маракова, Я.Нёманскага, З.Піваварава, С.Ракіты, А.Розны, В.Сташэўскага, Б.Тарашкевіча, У.Хадыкі, І.Харыка, М.Чарота, В.Шашалевіча і многіх іншых. Гарэла амаль уся спадчына пісьменнікаў 'першага прызыву'.

  Няма чалавека - няма толькі адной праблемы. Няма рукапісаў - няма паэтаў, няма гісторыі, няма народа!

  Нашу гісторыю разам з нашым народам ЯНЫ увесь час і выкарчоўваюць. Калі мячом, калі агнём.

  А выслоўю 'рукапісы не гараць' я цяпер не веру.

  

На галоўную