Францiшак Аляхновiч

У капцюрох ГПУ

Гэтая аповесць убачыла свет у канцы 30-х гадоў адразу на сямi еўрапейскiх мовах. Цяпер i беларускаму чытачу прапануецца малавядомы аўтарскi варыянт, якi дагэтуль не выходзiў асобнай кнiжкай. Ён уключае больш як трыццаць новых раздзелаў i аўтабiяграфiчны дадатак. Гэтае выданне - своеасаблiвы дзённiк пакутнiка, вязня ГУЛАГу - дапаможа лепш зразумець складаную эпоху, а таксама светапогляд i жыццёвыя пазiцыi аўтара.

 

 

Ax, як там добра...

Вiльня

А было гэта гэтак.

Група паслоў польскага сойму левага кiрунку вярнулася з Менску. Большасьць сярод гэтых "экскурсантаў" былi беларускiя паслы.

Попутчiк спаткаўся ў Вiльнi на нейкай вечарыне з паслом Мятлой[1].

- Ну, i як там у Менску?

- Гм... О!.. Ого!..

- Узапраўды?

- О, яшчэ як!

- Далiбог?..

- Эге!..

- Беларускiя школы?

- Тысячы! Уся савецкая Беларусь пакрыта густой сеткай школ...

- Беларускiх?

- Беларускiх.

- Унiвэрсытэт?

- Беларускi.

- Выдавецтва?

- О! Тыраж кнiжкi даходзiць колькiдзесят тысячаў... Госiздат плацiць вялiзныя ганарары... Зьявiлася шмат маладых выдатных талентаў...

- Што вы кажаце!

- Ага!

- Тэатр?

- O, тэатр!.. Каб вы бачылi!.. Каб вы былi ў тэатры!.. Тэатр!.. O-го-го!

- Рэпэртуар?

- Арыгiнальны i перакладны. Зьявiлася шмат беларускiх п'есаў: "Кастусь Калiноўскi", "Каваль-ваявода", "Вiр", "На Купальле"...

- Акторскiя сiлы?

- Ой-ой-ой!.. А якiя пастаноўкi!.. Дэкарацыi... балет...аркестра...

- Ну?

- Кажу вам.

- Няўжо-ж?

- Але... але!

- Гм...

Попутчiк найбольш цiкавiўся тэатрам. Калiсь у Менску стараўся стварыць прафэсыянальны тэатр. Цяпер у гэтым-жа Менску, дзякуючы дзяржаўнай субсыдыi, ёсьць першарадны тэатр, дзе працуюць сапраўдныя акторы...

У старым езуiцкiм катэхiзiсе сярод пытаньняў i адказаў ёсьць, памiж iншым, гэткiя:

- Цi ў небе добра?

- Ax, як добра...

Гэтае "ах" узмацоўвала людзей у веры ў шчасьлiвае жыцьцё ў небе.

Гэтак сама дзеялi на Попутчiка "ахi" i "охi" Мятлы. Ён усё болей пераконваўся, што ў Менску...

... ах, як добра...

Пасьля яшчэ спытаўся:

- А як вам здаецца? Калi-б, на той прыклад, я туды паехаў?..

- Дык-жа вас там чакаюць!

- Што кажаце! Была там гутарка аба мне? Успамiналi?

- I ня раз. Казалi, што вы ў Менску надта патрэбны.

- Дык думаеце, што я зрабiў-бы добра, калi-б паехаў?

- Бязумоўна! Там - вось поле да працы!

- Ну, як гэта... Як-бы сказаць?.. Тэрор?.. ГПУ... Памятаю, калiсь карысталася вялiкай папулярнасьцю "стенка"...

- Што вы... Але-ж гэта беспаваротна мiнавала. Гэта былi часы ваеннага камунiзму. Цяпер жыцьцё зусiм нармальнае.

- Ну, а як справы харчаваньня?

- Усяго колькi хочаш. Цяпер-жа НЭП... Магазыны завалены харчамi... А iкра!.. Ах, якая смачная iкра!.. Ну, толькi з мануфактурай труднавата.

- Дык, канец канцоў, кажаце, каб ехаць?

- Я на вашым месцы нi хвiлiны-бы ня думаў...

* * *

Гэтая гутарка адбывалася ў 1926 годзе.

У Вiльнi шырыла свае ўплывы "Грамада", захоплiваючы ўсiх; там, у БССР, яшчэ трывала распачатая Ленiным "перадышка", новая эканамiчная палiтыка i давала магчымасьць свабадней уздыхнуць. На рынках зьявiлiся прадукты вёскi, у крамах было даволi спажывецкiх тавараў.

Праводжаная энэргiчна, паводле загаду зьверху, беларусiзацыя ня надта падабалася старым расейскiм чыноўнiкам, якiя апанавалi ўсе савецкiя ўстановы ў Менску, але цешылася беларуская iнтэлiгенцыя з таго i гэтага боку гранiчнае мяжы. У беларускай сацыялiстычнай савецкай рэспублiцы беларусы бачылi свой П'емонт, якi злучыць парэзаныя рыскiм трактатам беларускiя землi.

Дык няма дзiва, што на Вiленшчыне шырылiся рэвалюцыйныя настроi, а вочы ўсiх зварачалiся на ўсход, дзе...

... ах, як добра!..

А "Сялянска-Работнiцкая Грамада" дапамагала гэтым настроям пашырацца яшчэ болей.

Толькi маленечкая група беларусаў, якая гуртавалася ў "Беларускай Часовай Радзе", процiставiлася "Грамадзе" й вяла палiтыку г. зв. "палёнафiльскую".

Лiдэрам "Грамады" быў атуманены бальшавiкамi iдэйны беларус Бранiслаў Тарашкевiч, на чале "Рады" стаяў кар'ерысты i "тёмная лiчность" др. Арсен Паўлюкевiч.

* * *

Попутчiк... быў вiцэ-старшынёй паўлюкевiчаўскай "Рады". Але рэвалюцыйныя настроi запаўзалi i да "Рады". Попутчiк ужо быў амаль чырвоны i, калi ня зрываў канчаткова з Паўлюкевiчам, дык толькi дзеля таго, каб дачакацца адпаведнага моманту, калi разам iз сваiм выхадам з "Рады" можна будзе зрабiць яе развал. Iншыя сябры былi таксама народ няпэўны. Паўлюкевiч ведаў гэта добра, i ягоныя вочы неспакойна сачылi ўсiх. Ён прадчуваў, што хочуць зрабiць яму нейкую неўспадзеўку, разварушыць ягонае "хлебнае дело" - Беларускую Раду...

Бунтарскi настрой сярод сяброў "Рады" павялiчвала яшчэ тая прычына, што ваявода Рачкевiч ня выплацiў субсыдыi i сябры даўжэйшы ўжо час ня толькi ня мелi на гарэлку, але нават на абед.

Попутчiк быў раздвоены. Уваходзячы покуль што ў склад "Рады", ён духова быў ужо з рэвалюцыйнай "Грамадой".

 

Госьць з Менску

Адзiн раз, у жнiўнi 1926 году, у нядзелю ў кiно "Helios" пры Вiленскай вул. адбываўся мiтынг. Гаварыў кiраўнiк "Грамады" Тарашкевiч. Пасьля яго меўся прамаўляць Рак-Мiхайлоўскi ды iншыя грамадаўцы.

Аднак, iм ужо не ўдалося выйсьцi на трыбуну, дзеля таго што прадстаўнiк польскае ўлады, якi быў на мiтынгу, спынiўшы пару разоў першага прамоўцу, распусьцiў мiтынг.

Кiно было перапоўненае. Настрой панаваў гарачы. Ад часу да часу адна частка публiкi перашкаджала прамоўцы варожым крыкам, другая - бiла шалёнае брава.

Калi-б зборка ня была разагнаная, дайшло-б да бойкi. Па Вiленскай вулiцы разьяжджалi конныя палiцыянты. На гэтым мiтынгу быў i Попутчiк. Разам з iншымi гля дзеў на прамоўца Тарашкевiча, прагавiта глытаючы кожнае ягонае слова, разам з iншымi скрыгатаў зубамi i сьцiскаў кулакi, калi мiтынг быў распушчаны.

Выйшаў на вулiцу разам з iншымi. На рагу Вiленскай i вул. Мiцкевiча падыйшоў да яго нейкi незнаёмы ў шэрым палiце i гэткай-жа шапцы.

- Добры дзень! Не пазнаяцё?

- Выбачайце... не прыпамiнаю,- адказаў Попутчiк.

- Я - Селях з Менску. Мы калiсьцi спатыкалiся.

- У Менску? Дзе? Мо ў "Беларускай Хатцы"?

- I ў "Беларускай Хатцы".

- На Конскай Плошчы?

- Але.

- Што-ж вы тут робiце? Скуль вы ўзялiся?

- Учора я прыехаў з Менску.

- 3 Менску?

Попутчiк расьцiкавiўся:

- 3 Менску, кажаце? Ну, як там? Кажэце-ж, калi ласка! Я хацеў-бы пагаварыць з Вамi аб Менску... Вы надоўга прыехалi?

- Сам ня ведаю. Я дастаў водпуск. Думаю сабе: куды-ж паехаць? Хацеў паглядзець, як жывуць у капiталiстычных краёх. Ну й выбраў Вiльню.

- Вы былi на мiтынгу? Як-жа-ж Вам спадабалася Тарашкевiчава прамова?

- Добра казаў... Вельмi добра... А можа-б, мы пайшлi кудысьцi паабедалi? - раптам запрапанаваў незнаёмы.- I тады пагаворым аб усiм...

- На жаль, я... як-бы гэта сказаць... Ну, кажучы шчыра, ня маю пры сабе грошай...

- Вось глупства,- сказаў Селях.- Я маю крыху даляраў... Дзе тут можна добра закусiць?.. Я ня тутэйшы, ня ведаю...

- Недалёка адсюль "Зацiшэ". Там нiчога сабе... Толькi мне надта прыкра... бо як я ўжо казаў...

- Ах, ня будзем аб гэтым казаць! Вось яшчэ якiя цырымонii... Мы-ж старыя прыяцелi!..

Прыяцелi пайшлi ў рэстаран. Неяк адразу завязалася памiж iмi гарачая сымпатыя.

Няма дзiва. Адзiн прыехаў з савецкага раю, а другi ў гэты рай iмкнецца ўсёй душой.

Першай тэмай гутаркi пры чарцы гарэлкi быў, ведама, Менск. 3 гэтай гутаркi Попутчiк даведаўся, што ягоныя менскiя прыяцелi добра яго ўспамiнаюць i ахвотна бачылi б у сваей грамадзе; што яму, Селяху, даручана пасулiць Попутчiку, каб ён хутчэй перабiраўся ў Менск. Далейшая гутарка перайшла на палiтычныя тэмы. Гаварылася аб палажэньнi беларусаў пад Польшчай, аб "Грамадзе", аб "Беларускай Радзе". Новы знаёмы з асаблiвым зацiкаўленьнем распытваўся аб гэту апошнюю. Попутчiк расказваў. Казаў, як ён нездаволены, што ў свой час зьвязаўся з гэтай арганiзацыяй, казаў аб сваей дзiўнай тут ролi, калi духова будучы з "Грамадой", фiзычна быў сябром "Рады". Злаваўся на сябе самога i пляваў на "Раду".

Прыяцельская гутарка, падлiваная значнай колькасьцю алькагольных напiткаў, зацягнулася да ночы. Пасьля - таксi. Антокаль, падмястовы начны рэстаранчык, дансiнг. Новы прыяцель Попутчiка меў дужы арганiзм. Ня гледзячы на вялiзарную колькасьць выпiтай гарэлкi, каньяку, лiкёраў i пiва, быў цьвярозы.

 

У "Беларускай Радзе"

"Беларуская Рада" займала тры брудныя пакойчыкi на найвышэйшым паверсе гатэлю Сакалоўскага пры Нямецкай вулiцы.

На сьценках танныя олеодрукi: заснуўшая нiмфа, Отэльлё на судзе дожаў ды iншыя, гэтак часта спатыканыя ў пiўнушках i публiчных дамох.

Мэблi: паламаныя бюркi, канапы з трэснутымi спружынамi, якiя вылазiлi праз падзёртую тканiну, падбор розных фасонаў крэслаў.

У гэткiх непрыглядных абставiнах кавалася беларуская "полёнафiльская" думка, як процiвага збальшавiзаванай тарашкевiчаўскай "Грамадзе", якая штодня пашырала свае ўплывы.

Адзiн пакойчык быў габiнэтам старшынi, другi - рэдакцыяй, адмiнiстрацыяй i экспэдыцыяй часопiсi, якая мелася быць тыднёвiкам, але зьяўлялася як папала, у залежнасьцi ад выплаты рачкевiчаўскай субсыдыi. Тутака пасьля выхаду нумару працаваў Барыс Кавэрда, адмiнiстратар i экспэдытар у ваднэй асобе, складваючы сьвежыя нумары, наклейваючы адрасы, высылаючы. Трэцi пакойчык - сакратарыят "Рады" ўдзень, а ўночы начлежка двох бяспрытульных сяброў прэзыдыуму.

Селяха з усiх "достопримечательностей" Вiльнi найбольш цiкавiла "Рада". З адным iз сяброў прэзыдыуму яго зьвязвалi быццам школьныя ўспамiны. Вось сюды на другi дзень зьявiлiся Селях з Попутчiкам.

Госьця спаткалi надта прыхiльна. Школьны таварыш пацалаваўся з Селяхам. Паўлюкевiч, ня гледзячы на сваю "контррэвалюцыйнасьць", таксама спаткаў падарожнага надта цёпла.

Роля Попутчiка была скончаная. Прывёў госьця ў "Раду", пакiнуў i пайшоў дахаты спаць, наганяючы няспаныя ночныя гадзiны, праведзеныя ў час выпiўкi з Селяхам.

Засынаючы, лятуцеў аб Менску, аб сацыялiстычным будаўнiцтве, аб радасным жыцьцi ў бацькаўшчыне ўсiх працоўных.

Бо ўжо быў канчаткава наважыўшыся ехаць у БССР.

Рэшта селяхаўскiх даляраў ужо разьменьвалася з новымi кампаньёнамi...

* * *

Попутчiк ведаў адрыс Селяха. Госьць з Менску жыў у гатэлю "Эўропа" пры Дамiнiканскай вулiцы.

Калi пара дзён пасьля першага спатканьня прыйшоў у гатэль, знайшоў дзьверы ягонага пакою зачыненымi.

Порт'ер на пытаньне, дзе ёсьць пан Селях, адказаў зьдзiвiўшыся:

- Выбачайце, тут нiколi нiякi пан Селях ня жыў. Тутака жыў пан Пятроў. Учора ён выехаў.

Ага! Попутчiк уцямiў. Мусiць, Селях у Менску меў нейкiя перашкоды з атрыманьнем загранiчнага пашпарту. Дык прыехаў пад чужым прозьвiшчам...

Попутчiк у сваёй хаце

- Татка, раскажэце мне казку!

Пяцёхгадовы хлапчук, Попутчiкаў сын, узглабаўся да яго на каленi i, тулячы галоўку да бацькаўскiх грудзей, прасiў:

- Раскажэце казку!

Попутчiк любiў свайго сына i хацеў узгадаваць яго ў беларускiм духу, што было повадам частых сямейных непаразуменьняў, бо жонка лямантавала:

- Што робiш? Калечыш дзiцё! Я ня хочу, каб ён быў беларусам.

- Будзе гэткiм, як i ягоны бацька.

- О, ня дай Божа, каб падобны быў да бацькi! Крый Божа ад гэткага няшчасьця!

- I скуль у цябе гэткая зьвярыная ненавiсьць да ўсяго беларускага?

- А ў цябе скуль гэткая любасьць да iх? Што яны табе далi, гэтыя твае беларусы? Службу маеш дзякуючы сваiм прыяцелям паляком.

У сямейны дуэт урываўся дзiцячы галасок:

- Татка, раскажэце мне казку!

I Попутчiк, тулячы да сябе сынаву галоўку, прыплюшчваў вочы i пачынаў расказваць. Iмправiзаваў.

Ужо не расказваў старую ўлюбёную казку аб Iкары, якому сонечныя косы ў часе палёту растапiлi вязаньнi крыльляў, а казаў-лятуцеў аб гэтай багаславёнай краiне,

краiне грамадзкае справядлiвасьцi, краiне свабоды й творчага размаху. Казаў у прастор, сам да сябе, а дзiця, не разумеючы гэтых бацькаўскiх лятуценьняў, чула толькi мэлёдыю слоў i ў канцы засынала на каленах у бацькi.

Малодшы сын, двохгадовае дзiця, ужо даўно спаў у сваёй пасьцелi i ня чуў бацькаўскае казкi.

Цяжка было Попутчiку пераканаць сваю жонку ў патрэбе выезду ў Менск. Ведаючы, што сам ня дасьць рады, пусьцiўся на хiтрыкi. Рак-Мiхайлоўскiя мелi ўплыў на жонку, дык запрасiў iх да сябе на вячэру, i тады ўдалося пераламаць Попутчiху.

Некаторай палёгкаю ў палажэньнi было яшчэ тое, што Попутчiк меў у Менску мацi, дык цяжка было вымагаць ад сына, каб пасьля доўгага нябачаньня не паехаў яе адведаць.

- Ну, што-ж рабiць,- сказала канец канцоў Попутчiха,- калi так ужо надта хочаш - дык едзь, я нiчога процi ня маю. Спадзяюся, што да канца свайго водпуску на службе зьвернешся... Ну, а калi што... калi-б ты захацеў там застацца,- казала сумна,- дык што-ж рабiць, паедзем i мы ў Менск.

Попутчiк перамог на цэлай лiнii.

Падрыхтоўка да падарожжа

Пачалiся стараньнi аб загранiчным пашпарце. Хада ад установы да ўстановы. Пiсанiна розных паперак. Усё скончылася ўдала. Праз пару тыдняў Попутчiк ужо меў у кiшанi патрэбны дакумэнт.

Цяпер трэба было толькi атрымаць савецкую вiзу. Ну, але гэта будзе няцяжка. Дык-жа-ж памогуць прыяцелi "Грамадаўцы".

He памылiўся. Сябры "Грамады" сказалi:

- У паўпрэдзтве ў Варшаве ёсьць свой чалавек, беларус, "саветнiк" Ульянаў. Ён табе гэта наладзiць. Ужо мы пастараемся аб гэта.

Пасьля нейкага часу сказалi яму:

- Мы гутарылi з Ульянавым. Ён надта добра да цябе ставiцца. Толькi кажа, што ты павiнен раней выйсьцi з "Рады". Дык-жа сам разумееш, што табе, як вiцэ-старшынi "Рады", не выпадае ехаць... Нельга-ж сядзець на двох крэслах.

- 0, калi толькi аб тое iдзе, дык справа лёгкая.

* * *

Нарэшце атрымаў пажаданую савецкую вiзу. Усьмiхаючыся, чытаў штамп на аднэй з бачын пашпарту, дзе гаварылася ў расейскай мове:

"паказчык гэтага мае права пражываць ува ўсiх рэспублiках Савецкага Саюзу, апрача вострава Кайгач, Валгуеў, ды вастравоў на Белым моры"...

"А якi-ж чорт панёс-бы мяне на гэты Кайгач або на Белае мора! Вось яшчэ! Мо захочацца мне адведаць Салоўкi!.. Калi-б i захацелася кудысьцi паперцi, дык хутчэй на паўдня, Крым, Каўказ... А яны мяне асьцерагаюць, каб я, крый Божа, не апынуўся на Ледавiтым акiяне... Вось сьмех!.."

Попутчiк ня мог дачакацца часiны ад'езду. Усё валiлася з рук. Жыў толькi думкай аб Менску. Нават ува снох сваiх бачыў гэты горад.

Здавалася яму ўва сьне, што йдзе вулiцамi Менску. Але ўва сьне пачуцьцё было зусiм iншае. Адчуваў нейкi несупакой, страх чагосьцi. Чагосьцi невядомага, страшнога i нечаканага: Знаёмыя ўцякалi ад яго. Ён гнаўся i ня мог здагнаць. Цяжкое пачуцьцё самотнасьцi, бясьсiльнасьцi, непараднасьцi было гэтак неўмагату, што будзiўся, аблiваючыся потам...

- Э, сон глупства!.. Сны трэба заўсёды тлумачыць наадварот...

* * *

Попутчiк перад выездам не зрабiў, як раней думаў, развалу "Рады". Ня меў на гэта энэргii. "Чорт з iмi!" - думаў. - Самi разваляцца... Гэта ўсё стаiць на глiняных нагах... Усё трымаецца толькi субсыдыяй... Ня дасьць Рачкевiч субсыдыi - i ўсе разьбягуцца... Нiшто i нiхто не пераможа "Грамады"...

Растаньне з Паўлюкевiчам ня было варожае. Наадварот, нават Паўлюкевiч казаў:

- Ну, што-ж, понимаете... Вы культурны працаўнiк, понимаете...

Вам яны нiчога ня зробяць... Я-б на вашым месцы таксама зрабiў, понимаете... Ну, усяго добрага...

Выезд

Нарэшце 16 лiстапада Попутчiк паехаў на вакзал.

Разьвiтаньне з сям'ёй было кароткае, пасьпешнае. Дзецi яшчэ спалi i ня бачылi ад'езду бацькi.

Едучы ў Менск, Попутчiк ня меў яшчэ пэўнасьцi, цi там застанецца. Гэта будзе вiдаць пасьля. Пакуль што не спалiў за сабой мастоў. Атрымаў водпуск з установы, у якой працаваў i гэткiм чынам праз чатыры тыднi мог вярнуцца i зноў узяцца за старую працу.

Але ў глыбi душы ня верыў у свой паварот. Думаў, што там застанецца, а як ужо ўладзiцца, сьцягне з Вiльнi жонку i дзяцей...

Колы вагону выстукваюць свой рытм i настройваюць падарожнага на лятуценьнi. Попутчiк сьнiць на яве. Лятуцiць аб гэтым новым жыцьцi, на парозе якога апынецца яшчэ сягоньня. Сягоньня ўвечары ўжо будзе ў Менску. Лятуцiць аб новай працы, якая на яго чакае. Дык-жа-ж праца будзе! Праца не пры канцылярскiм стале, але радасная, творчая... Дык-жа i Мятла, i Селях, i iншыя казалi, што ўсе чакаюць на ягоны прыезд у Менск.

Ужо Стоўпцы. Апошняя станцыя з польскага боку. Павярхоўная рэвiзiя рэчаў.

Пасьля Негарэлае. Першая станцыя з боку савецкага.

Падрабязны перагляд рэчаў.

Попутчiк вязе з сабой дзьве зьмены нацелiва, крыху каўнерчыкаў, запасны касьцюм i рукапiсы, рукапiсы, рукапiсы...

Гэта прычыняе шмат клопатаў савецкiм чыноўнiкам. Едзе чалавек з капiталiстычнага краю i ў валiзцы мае напiхнута поўна нецкiх паперкаў. Ну, калi-б мануфактура, парфумы Coti, загранiчны каньяк, ну - тады ведама, што рабiць... Але што рабiць з гэтымi запiсанымi густа нявыразнымi лiтаркамi аркушамi паперы? Чытаць усё гэта? На гэта няма часу... Ды апрача таго, тут усё гэта запiсана ў незразумелай пагранiчнаму чыноўнiку беларускай мове...

Прыйшла нейкая старшая савецкая дама, працаўнiца ГПУ на вакзале ў Негарэлым. Паглядзела, пакiвала галавой, спыталася:

- Што гэта?

- Гэта мае рукапiсы.

- Якiя рукапiсы?

- Мае.

- Хто вы?

- Я пiсьменьнiк.

- Гм...

Махнула рукой. Можа, мела iнструкцыi з Менску.

Трэба чакаць цягнiка цэлую яшчэ гадзiну.

Як Попутчiк ехаў у Менск, яшчэ ў Негарэлым ня быў пабудаваны новы вакзал.

Каб скарацiць час чаканьня, падарожны пайшоў у драўляную буду, непадалёк ад вакзалу, дзе быў вакзальны буфэт...

* * *

У слаба асьветленым вагоне няма падарожных. Рух на гранiцы надта слабы. Ня гледзячы, аднак, на тое, што ўвесь вагон пусты, Попутчiк мае таварыша падарожжа. На супраць яго, у куточку, на лаўцы сядзiць нейкi малец. Цяжка разгледзець твар, бо цемнавата, i дзеля таго яшчэ, што сусед схаваў твар у каўнер палiта.

Попутчiк прабуе распачаць гутарку:

- Колькi кiлямэтраў ад гранiцы да Менску?

- Ня ведаю.

Праз момант:

- А каторай гадзiне больш-меньш будзем у Менску?

- Ня ведаю.

Паўза.

- Цi заўсёды гэтак мала падарожных едзе ад гранiцы?

- Ня ведаю.

Але вось ужо i Менск.

Гэтак апавяшчаюць надпiсы на вакзале ў чатырох мовах.

Менск

У заежджым доме

Было ўжо позна. Наблiжалася поўнач. Мацi Попутчiка жыла на другiм канцы гораду. Попутчiк падумаў, што лепш пераначаваць у маленечкай гасьцiнiцы каля вакзалу, як уначы стукацца ў хату непапярэджанай аб ягоным прыезьдзе старое.

Нейкi жыд, як пасьля выйшла, гаспадар гасьцiнiцы, схапiў ягоную валiзку i папёр наперад.

Як толькi затрымалiся ў прызначаным гасьцю пакоi, гаспадар засыпаў падарожнага пытаньнямi:

- Можа, маеце загранiчныя парфумы?

- Што! Адкуль?

- Дык, можа, маеце шаўковыя панчохi? Гэта таксама добры тавар.

- I панчох ня маю. Хаджу ў дзiравых латаных шкарпэтках.

- Ну, дык што вы маеце? Прыехалi з-за гранiцы - i нiчога ня маеце!

- А скуль вы ведаеце, што я прыехаў з-за гранiцы?

- Ну я-ж бачу таможанную наклейку ў вас на валiзцы. Адразу вiдаць, што вы прыехалi з-за гранiцы... А можа, вы нешта маеце? Я магу добра купiць. Я вам раю толькi са мной мець iнтэрас.

- Ды адчапецеся! Нiчога я ня маю i хочу ўжо легчы спаць. Падрыхтуйце мне, калi ласка, пасьцель.

Попутчiк распранаўся, а жыд усё час ад часу заглядваў у пакой, быццам забыўшыся падаць нейкую патрэбную рэч, а адным вокам паглядаючы на распранутага гасьця, цi з-пад нагавiц ня высунецца пара дамскiх шаўковых панчох або цi не ўпадзе на падлогу флякончык з фiрмай Coti або Houbigan...

* * *

Прачнуўся рана, з прыемнасьцю працягваючыся на цёплых жыдоўскiх пярынах.

"Ну, вось я ўжо ў Менску! Ужо даехаў да мэты. Што-ж мяне тутака чакае? Цi добра прывiтаюць i будуць намаўляць застацца, цi пасьля пары тыдняў прыйдзецца варочацца ў Вiльню".

За вакном падаў дождж. Вулiца брудная, укрытая балацянымi лужынамi, бязьлюдная. У паветры разьлiта была нейкая нудная шэрасьць. Лянотна праехалi вулiцаю два вазы з цэглай. Нейкi праходжы махаў камусьцi кулаком i лаяўся агiдна, па-расейску...

Попутчiк сказаў, каб яму далi гарачай вады, агалiўся, пачысьцiўся i пайшоў на горад.

Як толькi выйшаў на вулiцу, нейкiя два малыя жулiкi спаткалi яго сьмехам:

- Глядзi! Глядзi! - крычэў адзiн. - Во! Дзядзька iдзе ў цылiндры!

Гэта быў нацемак на капялюш Попутчiка. Ён прыехаў у цьвярдым капялюшы, якiх даўно ўжо ў Менску ня бачылi, а маладыя жулiкi напэўна пабачылi першы раз у жыцьцi.

У тэатры

На залi было цёмна. Пры аднэй запаленай над сцэнай лямпе адбывалася рэпэтыцыя.

Каб не перашкаджаць, Попутчiк цiха прайшоў памiж радамi крэслаў i сеў у першым радзе.

Нехта са сцэны, пабачыўшы ў тэатры чужога чалавека, засланiў рукой вочы ад сьвятла, якое падала згары, i прыглядаўся да Попутчiка. Пасьля зiрнуў яшчэ нехта...

- Попутчiк! Попутчiк тутака! - праляцела праз сцэну. Рэпэтыцыя спынiлася. Праз перакiнены над аркестрай мосьцiк сьпяшалiся старыя таварышы прывiтацца з тым, хто прыехаў. Уцягнулi яго на сцэну. Падкiдалi ўгару. Новыя, незнаёмыя Попутчiку людзi падыходзiлi да яго i прадстаўлялiся.

- Ня ведаеце? Гэта-ж Попутчiк! Ён наш стары калега!..

- Кажэце-ж, цi надоўга? А можа, застаняцёся?

- Ня ведаю, не ад мяне гэта залежыць - адказаў Попутчiк.

Гэтая авацыя, з якой спаткаўся Попутчiк, ударыла яму ў галаву, як вiно. Прыемна спаткацца са старымi прыяцелямi i бачыць, што яшчэ памятаюць аб супольнай працы, аб ягоных заслугах...

Увечары быў на спэктаклi.

Пасьля спэктаклю быў запрошаны на кватэру аднаго з актораў, дзе наладжана была вячэра з гарэлкай. Калi, хочучы рэванжавацца, запрапанаваў на другi дзень спатканьне ў рэстаране (сталоўцы - па-савецку), на яго паглядзелi так, быццам сказаў нешта недарэчнае.

- Не, мы толькi ў кватэры... Мы нiкуды ня ходзiм...

Дзiўнай выдалася Попутчiку тут гэта нястача жыцьця кафэ. Асаблiва ня мог уцямiць, як бяз гэтага абыходзiлася артыстычная багэма. Ён, Попутчiк, звыкшы да iншага жыцьця, гэты недахоп адчуваў надта востра. Дык вось, увечары часам хадзiў да якойсьцi "сталоўкi" на шклянку пiва. Але-ж тыя савецкiя сталоўкi! 3 падлогай, пасыпанай апiлкамi, з няветлымi "афiцыянтамi" (кэльнэрамi), з гэтай публiкай у даўгiх чырвонаармейскiх шынэлях, не падабалiся яму.

Штодня бываў у тэатры. Ставiлi "Кастуся Калiноўскага", "Каваля-ваяводу", "Кар'еру Брызгалiна"...

I ў гэтых п'есах шмат што не падабалася Попутчiку. Злавала яго, што сяляне з 1863 г. гаварылi моваю сучасных камсамольцаў, гадка яму рабiлася, калi аднаго з гэрояў п'есы "Каваль-ваявода", пабiтага, пераможанага, вешалi на сцэне, закiдаючы яму вяроўку на шыю. Ня мог уцямiць, чаму прававернаму савецкаму грамадзянiну Брызгалiну ў апошнiм акце выносяць прысуд расстрэлу - толькi за ягоныя старыя грахi, даўно ўжо адпакутаваныя...

Калi дзялiўся сваймi ўражаньнямi з таварышамi, яны ўсьмiхалiся i казалi:

- Бо ты тут чалавек новы - ты нiчога не разумееш... гэтак трэба...

- Але-ж гэтыя вашы эфэкты!.. Як-жа можна дапускаць гэткiя рэчы ў драматургii... Гэта-ж агiда!.. I гэта нават можа зрабiць уражаньне зусiм iншае, як хацеў аўтар...

- Вораг павiнен быць дабiты... - адказвалi яму[2].

Але пастаноўка была беззаганная. Рэжысэрыя вельмi старанная. Апрацоўка роляў таксама. Аб суфлёрскай будцы i ўспамiну ня было.

Багатая дзяржаўная субсыдыя дазваляла ўтрымоўваць вялiкi акторскi пэрсанал, аркестру, балет, хор.

За дырэктара тэатру быў Дыла.

Тэатр у Вiцебску

У гэтым часе адбылося адкрыцьцё ў Вiцебску другога дзяржаўнага тэатру, дзе за дырэктара быў прызначаны Красiнскi з Вiльнi.

На гэтую ўрачыстасьць быў запрошаны i Попутчiк. У Вiцебск зьехаўся ўвесь лiтаратурна-мастацкi сьвет.

На ўрачысты спэктакль была выбрана п'еса Шэксьпiра "Сон у летнюю ноч". Ox! пасьля тэндэнцыйнай бальшавiцкай лiтаратуры нарэшце можна было ўздыхнуць з палёгкай, маючы перад вачыма твор вялiкага запраўднага мастацтва...

Тутака Попутчiк меў прыемную неўспадзеўку. Большасьць тэатральнай трупы, моладзь, гэта былi людзi, якiя першыя крокi на сцэне стаўлялi пад ягоным кiраўнiцтвам у "Беларускай хатцы". Цяпер яны вырасьлi на запраўдных таленавiтых актораў. Зрабiла гэта добрая школа. Гэтая моладзь нядаўна вярнулася пасьля пяцёх гадоў працы з Масквы, дзе пад кiраўнiцтвам найлепшых расейскiх тэатральных сiлаў атрымала прафэсiянальнае ўзгадаваньне. Тутака яго таксама горача вiталi.

Першая лыжка дзегцю

На ўрачыстасьцi меўся прамаўляць i Попутчiк.

Але перад пачаткам спэктаклю падыйшоў да яго дырэктар тэатру, ягоны прыяцель Красiнскi, i заклапочаны сказаў:

- Даражэнькi мой... як-бы гэта сказаць?.. Ну, пастанавiлi, ведаеце, што вы, як чалавек, якi прыехаў з Заходняе Беларусi... ну, што наагул будуць прамаўляць толькi людзi тутэйшыя. Вам пакуль што не выпадае... Вы мяне разумееце? Будзе нейкi дысананс... цi як сказаць... ня будзе тое, як... Адным словам... ляпей можа будзе, каб вы паднялi тост у часе банкету, пасьля спэктаклю, або... як самi ўважаеце?.. мо ня варта?.. Можа, будзе неадпаведны настрой. Як вам здаецца?..

Попутчiк не прамаўляў i на банкеце. Мала таго. У часе банкету, нiхто iм не цiкавiўся, нiхто да яго не зварачаўся, нiхто ня гутарыў з iм. Попутчiк быў як iзаляваны ад усяго асяродзiшча.

Пасьля вiцебскiх урачыстасьцяў вярнуўся ў Менск.

Гутарка суседак

На рагу Вясёлай i Правiянцкай спаткалiся дзьве суседкi.

- Панiчка! Што гэта можа быць?.. Тут нешта ў нас на нашай вулiцы не ў парадку.

- А што, панiчка?

- А во! Ня бачыце?

- Што? Гэны, што там... папяроску круцiць?

- А няўжо-ж.

- Сочаць некага?

- Але. Я ўжо даўно заўважыла.

- I на каго-ж мае зноў звалiцца няшчасьце?

- А ня ведаеце, панiчка? Дык-жа да гэтай старой, што жыве на Вясёлай вулiцы, сын знакам тым прыехаў. 3-за гранiцы! Можа, бачыла панiчка, гэткi алiгантна апрануты, пазагранiчнаму, i ў гэтакiм кацялку на галаве ходзiць...

- Шкада старой! Вось будзе турбота...

- A мо i нiчога ня будзе.

- Э, не кажэце! Нiколi гэтак ня бывала, каб дарма саiчылi. Ужо калi за кiм ходзяць, дык не здарма...

- Цiкавасьць, а цi старая ведае ўжо...

- Як-жа-ж магла-б ня ведаць, калi гэты, вось што тамака стаiць, дык i ня надта крыецца. Ад самага раньня прыходзiць i пачынае пад ейнымi вокнамi хадзiць: туды i назад, туды i назад... Сьляпы ўбачыць.

- А мо яму, гэтаму сыну ейнаму значыцца, i нiчога ня зробяць! Кажуць, што гэта нейкi вядомы беларус... А яны

беларусаў цяпер паважаюць. Можа, яму нейкую службу добрую дадуць.

- Дай Божа, дай Божа, але ня ведаю...

На другiм баку вулiцы гэтым часам стаяў нейкi чалавек у чорнай скураной шапцы i круцiў у руцэ пушачку з сярнiчкамi, робячы выгляд, быццам хоча закурыць папяроску. На першы пагляд магло паздавацца, што нiчым больш ён ня цiкавiцца. Але добра прыгледзеўшыся, можна было заўважыць, што гэты працэс запальваньня папяросы трывае зашмат, доўга i што пагляд чалавека ў скураной шапцы скiроўваецца ад часу да часу на ваконцы малога драўлянага дамка пры Вясёлай вулiцы.

- Панiчка! Не глядзеце на гэтага гада! А то й для сябе нейкае няшчасьце прыдбаеце.

- Праўду, панiчка, кажаш. Ня наша гэта справа. Божая воля...

ГПУ настройвае

Пасьля шчырых гарачых прывiтаньняў, з якiмi Попутчiк спаткаўся ў першыя днi пасьля свайго прыезду ў Менск, праз нейкi час заўважыў вялiкую перамену. Пры спатканьнi з iм некаторыя мелi гэткi выгляд, быццам хацелi як мага хутчэй ад яго адкараскацца. Iншыя, здалёк пабачыўшы яго, уцякалi на другi бок вулiцы, быццам не пазнаючы. Адзiн знаёмы (М-о), калi Попутчiк, спаткаўшыся з iм на вулiцы, iшоў побач i гутарыў, раптам затрымаўся i, падаючы руку на разьвiтаньне, сказаў:

- Выбачайце, я пайду... Мне трэба ў iншы бок.

I хутка пайшоў у iншы бок.

А толькi што казаў, што iдзе ў гэтым самым кiрунку, што й Попутчiк.

ГПУ ўжо пачало настройваць менскае грамадзянства на адпаведны тон.

Неспадзяваны госьць

Канчаўся кароткi зiмовы дзень. Сутунела. Нядаўна скончылi абед. Седзячы пры стале, снавалi пляны на будучыню.

Дык вось: калi Попутчiк атрымае дазвол на сталае пражываньне ў Менску, сьцягне сюды жонку з дзецьмi. Ноймуць недзе на прадмесьцi невялiчкi дамок з гародчыкам. Жылсавет можа даць дазвол на гэткай самай аснове, як дае кватэрным каапэратывам. Мацi, гэткiм чынам, будзе дажываць свой век разам з сынам i ўнукамi, даглядаючы гаспадаркi, гадуючы куры.

Старэнькая любiла куры. Пару гадоў назад мела некалькi штук, але пакралi. О, цяпер будзе пiлнаваць! Цяпер ня ўкрадуць!

Жонка Попутчiка будзе памагаць мацi ў гаспадарцы.

Але, куры павiнны быць бязумоўна! Якая гэта прыемнасьць даглядаць гэтыя птушкi, разводзiць куранят, штодзень мець сьвежыя яйкi...

Раптам нехта пастукаў у дзьверы. На парозе цёмнага пакою зьявiўся нейкi сiлуэт.

- Цi тут жыве таварыш Попутчiк?

- Калi ласка... Гэта я... А што?

Незнаёмы падаў лiст.

Запалiлi лямпу.

На рагу канвэрта было напiсана:

  СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО

Попутчiк разарваў канвэрт.

Клiкалi яго зараз-жа зьявiцца ў ГПУ.

- Добра... Я зараз... Скажэце, калi ласка, што я зараз прыйду.

- Выбачайце, але пойдзем разам. Я вас, таварыш, правяду, Гэтак мне сказалi...

- Ах, так? Ну добра. Iду ўжо. Зараз апрануся.

Пасланец - малады жыдок стаяў y куточку, не карыстаючы з запросiнаў сесьцi.

Гэтак стоячы, чакаў, пакуль Попутчiк апранецца.

- Што, што гэта? Куды цябе клiчуць? - непакоiлася матка.

- Э, нiчога... гэта такiя... прыяцельскiя запросiны, хай мама будзе спакойна, зараз вярнуся,- адказаў сын, памятаючы аб засьцярозе на рагу канвэрта.

Якое дзiўнае магiчнае дзеяньне маюць гэтыя тры лiтары: ГПУ. Нават чалавек, гэтак лёяльна настроены да савецкае ўлады як Попутчiк, пачуяў раптам адзнакi, што яго пакiдае духовая аднавага; а гэтым самым часам ногi ў яго аслабелi, горла сьцiснула, а нiжняя скiвiца не магла самкнуцца з верхняй, а толькi неспакойна калацiлася.

Пайшлi моўчкi.

- 3 якой мэтай мяне клiчуць, таварыш?

- Ня ведаю - быў адказ.

Пасьля:

- Цi доўга там прабуду? - хацеў Попутчiк хоць крыху разьясьнiць загадку.

- Ня ведаю.

Iзноў iшлi моўчкi.

- Цi "гэта" далёка яшчэ?

- Не. Ужо блiзка.

Узапраўды, "гэта" было ўжо блiзка. На галоўнай вулiцы Менску, на Савецкай, увайшлi ў сенi нейкага вялiзнага дому. Побач дзьвярэй Попутчiк заўважыў на сьцяне чорную мармуровую таблiцу з напiсам залатымi лiтарамi:

Объединенное Государственное Политическое Управление.

Першы раз у ГПУ

Праваднiк паказаў салдату пры дзьвярох пропуск, i ўвайшлi ў сярэдзiну. Усходы. Калiдоры. Рады дзьвярэй.

Дык гэта тутака! Дык гэта - гэтае "ОГПУ", у скарочаньнi тры лiтары ГПУ, ад якiх мурашкi прабягаюць па сьпiне савецкага грамадзянiна, ад якiх нават лёяльны Попутчiк, не адчуваючы за сабой нiякае вiны, дазнаў страху.

Цяпер, пераступiўшы парог гэтае праклятае ўстановы, пачуў слабасьць усяго цела, як чалавек пасьля цяжкой хваробы, i дзiўную ў галаве блытанiну. Нiводная фраза да канца не фармулявалася, толькi нейкiя абрыўкi думак, нейкiя непавязаныя з сабой словы...

Што за чорт! Хiба ўжо муры тут прасякнуты дзiўнай моцай наганяць на людзей гэткi страх.

Увайшлi ў нейкi пакой.

- Пачакайце тутака, таварыш!

Праваднiк прапаў.

Попутчiк з прыемнасьцю сеў на крэсьле, бо ўжо цяжка было яму стаяць: ногi пад iм дрыжэлi.

Паглядзеў навакол: вялiкi пакой, у якiм пара канцылярскiх сталоў i крэслаў. Няма нiводнага чалавека.

Але найбольш зьвярнула ўвагу Попутчiка тое, што нiдзе не вiдаць нiякай палiцы, анi шафы. Замiж гэтага салiдныя зялезныя пры сьценах скрынi. На сьценках партрэты: Ленiна i Дзяржынскага.

Чакаючы, што далей будзе, пачаў прыглядацца Дзяржынскаму. Глядзеў на гэтую лысавую галаву з бародкай á la Henryk Sienkiewicz i прыпомнiў сабе гэтыя далёкiя вiленскiя часы, калi спатыкаўся з Фэлiксам Дзяржынскiм на калiдорах гiмназii.

Дзяржынскi быў старэйшы за яго на тры клясы. Ня былi знаёмыя, але Попутчiк добра ведаў свайго старэйшага калегу з твару.

Дзяржынскi, ужо кiнуўшы гiмназiю, быў карэпэтытарам у сваякоў Попутчiка. Гэта было ў маёнтку Борце, недалёка ад Вiльнi. Аднаго разу карэпэтытар прапаў бяз сьледу, пакiдаючы ў сваiм пакоi толькi адну валiзку. Калi, не дачакаўшыся павароту вучыцеля, гаспадары зазiрнулi ў валiзку, знайшлi там кучы нелегальнае лiтаратуры. Перапалох у доме быў яшчэ вялiкшы, калi праз пару дзён зьявiлася ў Борце палiцыя, шукаючы Фэлiкса Дзяржынскага...

Як гэта было ўжо даўно? Колькi ад гэтага часу зьменаў!

Чаканьне ў бязлюдным пакоi трывала ўжо доўга, непакоячы Попутчiка ўсё болей. На што яго сюды паклiкалi? Што яму скажуць? А... можа... арыштуюць?

Дык-жа не!.. 3 чаго?.. He!.. Ха-ха-ха! Сьмех, ды й толькi. За што? Не! - крычэла ў душы Попутчiка бясьсiльным пратэстам.

He!!! - стараўся адсунуць ад сябе гэтую думку, забыцца аб ёй, думаць аб нечым iншым, але праклятая, быццам дакучлiвая муха, усё варочалася i вярцела мозак пытаньнем:

- А што, калi арыштуюць? Ня ты першы, ня ты апошнi. Усё магчыма ў гэтай краiне ўсялякiх магчымасьцяў...

Раптам дзьверы адчынiлiся i зьявiўся ўжо вядомы малады жыдок.

- Пожалуйте, товарищ!

Iзноў калiдор. Iзноў рад дзьвярэй, як у гатэлi. Затрымалiся. Праваднiк пастукаў.

Голас з сярэдзiны:

- Войдите!

Перад арэопагам

Попутчiк увайшоў у габiнэт савецкага вяльможы. Камфорт. Прыгожае масыўнае бюро. Выгодныя аббiтыя скурай фатэлi. У куце на падстаўцы разьбяны, адлiты з бронзы, партрэт Ленiна. На падлозе дыван.

У пакоi было колькi асоб. Усе вочы скiраваны на Попутчiка, якi ўвайшоў.

Жыдок-праваднiк счэз, як дух.

Пасьля даўжэйшай маўчанкi абазваўся той, што сядзеў за стадом.

- Ну, сядайце, грамадзянiн Попутчiк!

Быў гэта бляндын у сярэднiх гадох, добра адкормлены, са сьвiрлячым поглядам гепiстага. 3 ягонага твару ня зыходзiла iранiчная ўсьмешка.

Гэта быў заступнiк старшынi Менскага аддзелу ГПУ - таварыш Апанскi.

Апанскi быў апрануты ў цывiльную вопратку. Усе iншыя ў шэрых фрэнчах з адзiнымi вайсковымi адзнакамi-ромбамi з чырвонай эмалii на каўнерах.

Попутчiк ня ведаў, хто яны. Калi-б ведаў, яшчэ больш спалохаўся-бы. Глядзеў то на аднаго, то на другога, здагадваючыся толькi, што перад iм сядзяць важныя фiгуры, але ня ведаючы, што гэтыя сьцiплыя адзнакi на каўнерах ёсьць найвышэйшыя вайсковыя адзнакi, якiя адпавядаюць гэнэральскаму становiшчу ў iншых краёх.

Апрача Апанскага, яшчэ адзiн быў апрануты ў цывiльную вопратку. Худы, высокi, на якiм ягоны касьцюм вiсеў, як на шчотцы, што падмятаюць падлогу.

Гэта быў начальнiк аднаго з аддзелаў, таварыш Гендзiн.

Iншыя таксама былi начальнiкамi або заступнiкамi. I Гродзiс, якi, апрануўшыся ў эўрапейскi касьцюм, са сваiм салiдным брухам выглядаў-бы як тыповы буржуй, i Карытаў з тварам, густа ўскрытым вуграмi, i iншыя.

Толькi што перад уваходам Попутчiка скончылася паседжаньне калегii.

- Ну-у-у,- адазваўся працяжна таварыш Апанскi,- расказвайце нам, грамадзянiн Попутчiк.

- Аб чым?

- Ну-у-у, з якой мэтай вы прыехалi ў Менск? - цягнуў далей заступнiк старшынi ГПУ, злосна ўсьмiхаючыся.