Сяргей Грахоўскі
ЗОНА МАЎЧАННЯ
Я и Сам о Себе свидетельствую,
свидетельство Мое истинно;
потому
что Я знаю, откуда пришел и куда иду...
Евангелие от
Иоанна, гл.8, стих 14
КРОК НАЛЕВА, КРОК
НАПРАВА»
Ачмурэлыя
ад густой і нясцерпнай задухі ў натрамбаваным арыштанцкім цялятніку, мы
вывальваліся праз адсунутыя дзверы ў глыбокі снег і шчыльнае кола канвою.
Лёгкія аж раздзірала свежае халоднае паветра. Пасля змроку ў закураным вагоне
зіхоткі снег і звонкая сінява неба да слёз сляпілі вочы. У зрэнках круціліся
каляровыя колцы, большалі, адплывалі, знікалі і кружыліся зноў. Ад доўгай
нерухомасці на нарах і пад нарамі дранцвелі ногі, іх праціналі вострыя іголкі,
і ступалі як чужыя.
Адна
чыгуначная каляя блішчала наміж сумётамі і знікала ўдалечыні. Наўкол заінелыя
лясы і лясы. Непадалёк, па сухастоіне злавесна каркае варона, нібы прадчувае
блізкую спажыву, відаць, прынюхалася да асаблівага арыштанцкага духу. Пакуль
вылазілі апошнія, я разгледзеў непадалёк невялічкі дом з кругляка з пабітаю
ржою шыльдаю: «Ст. Постой, Ж. Д. НКВД СССР». Вось і наш прыстанак. Ці доўга мы
прастаім на гэтым Пастоі? Відаць, нехта з нас у гэтых лясах і снягах застанецца
назаўсёды. Апрача станцыі, нідзе ніводнай душы, ні будыніны, ні дымка. Значыць,
пагоняць некуды далей.
Глыбокі
сыпкі снег п'яніў даўно забытым пахам змерзлай на сцюжы кужэльнай бялізны, цішыня
і замецены снегам лес пагадвалі нешта роднае, страчаную і недасяжную волю.
Нас
атачылі спераду, ззаду і з бакоў канваіры ў сівых шынялях і чорных кубанках,
яны глядзелі на нас з насцярогаю і нянавісцю, трымаючы напагатове доўгія
вінтоўкі з штыхамі. Гляджу на іх і думаю: «Што ж вас пагнала па гэтую сабачую
службу? I вы ж, як і мы, лагернікі, толькі па розныя бакі
дроту? Хто вам увёў у вушы, што мы «ворагі народа»? Можа, сумленней і адданей
нашаму ладу нікога за нас і няма, а ворагі тыя, што цэлы год нас мардавалі,
выбіваючы няпраўду, каб сумленнейшых людзей паднесці пад «вышку» або загнаць на
пагібель у шахты і ў гэтыя непраходныя лясы. Якому д'яблу служаць тыя, што
апантана ламалі рэбры старым камуністам, што жанчынам заганялі ў саскі
завостраныя алоўкі, што ножкамі крэслаў раструшчвалі пальцы ног і месяцамі
гнаілі ў халодных і цёмных карцэрах? Гэта яны нас загналі сюды, а вас прымусілі
трымаць нас на мушцы. Дзе ж тая праўда? Ці была яна, ці ёсць?»
Гэтыя
пытанні другі год б'юць і б'юць у мазгі, выкручваюць душу, ні ўдзень, ні ўначы
не даюць спакою. Тым часам з вагона ў снег скочваюцца старыя нямоглыя арыштанты.
Яны тузаюцца і не могуць устаць, а нам не дазваляюць выйсці са строю і памагчы
саслабелым. Убок адышоў невысокі, перацягнуты папругаю і партупеямі з жоўтым
партфелем начальнік канвою і не па росце зычна скамандаваў: «Стро-о-ой-сс-я!
Разабрацца па чатыры. Прадапраждаю: шаг улева, шаг управа,— нехта буркнуў:
прыжок уверх,— прэкраціць агітацыю,— гаркнуў начальнік і закончыў даўно
засвоеную малітву,— канвой страляе без прадупражджэння». Відаць, гэты бялыніцкі
ці чавускі хлопец не аднаго свайго земляка і суседа справадзіў у апошні
пагібельны шлях. Эх вы, пякельныя думы, няма ад вас ратунку!
Абапал
лагернай аднапуткі стаяў змрочны, замецены снегам лес. Следам за намі
кружыліся, кідаліся на сляды і зноў узляталі груганы, з елак з шоргатам
спаўзала снежная навісь.
Большасць з нас былі ў
паўчаравічках — на дзіравыя шкарпэткі, у папрэлых за паўтара года бадзяння па
камерах галёшах, у выцертых, як рэшата, штоніках, падбітых ветрам пальцечках.
Пашанцавала таму, каго забралі зімою,— у іх былі цёплыя паліто, шапкі, а то і
валёнкі. Сцежка па цаліку вяла ў гушчар. Снег набіваўся ў чаравікі, раставаў і
намярзаў лодзянымі брыжамі на калашыпах штаноў. Ішлі моўчкі. У кожнага за
плячыма на лямках — брудная, укачаная на нарах торбачка з арыштанцкімі
трантамі.
Лес
гусцее. Углыбіні відны заваленыя снегам вываратні, зламаныя пад цяжарам замеці
елкі, з верхавін з глухім вухканнем зрываюцца камякі снегу. Канвой з бакоў
грузае па снезе па самыя «ступіцы», ад злосці люцее, крычыць, мацюкаецца і без
дай прычыны ляскае затворамі. Ідзём моўчкі, як пахавальная працэсія, толькі
часам уздыхаюць і войкаюць старыя, а іх у хвост і ў грыву падштурхоўваюць
прыкладамі.
Ішлі,
ішлі і нарэшце прыбіліся да агароджы. На тоўстыя слупы аж у дзве рэдзі шчыльна
нацягнуты калючы дрот, па вуглах пад дашчанымі стрэшкамі вартавыя вышкі, на іх
у гаматных кажухах — стралкі. Тут ахоўнікаў завуць стралкамі: у іх адзіны
абавязак — страляць. Каго, за што — нікога не цікавіць.
Вось
і наш прытулак. Што тут нас чакае? Пакута і... смерць. Хто вытрымае дзесяць
гадоў? Выцягваем шыі паглядзець, што там, за плотам. Тры дахі. Адзін даўжэйшы,
два ніжэйшыя і карацейшыя. 3 комінаў лена паўзе шызы дым. Шарэюць прыцярушаныя
снегам доўгія палаткі. Спыніліся каля шырокай брамы. Пры ёй маленькая хатка на
два акенцы. Над брамаю на доўгай дошцы чырвонаю фарбаю напісана: «Лучковая пила и канадский топор —
кратчайший путь к освобождению». Што за лучковая піла і канадскі тапор? —
відаць, пазнаёмімся і будзем з іх дапамогаю скарачаць свой доўгі тэрмін.
Загадалі
«разабрацца» па два. З прыбудоўкі выйшаў куртаты з шэрым тварам, у новых
закасаных валёнках вахцёр, на абвіслай папрузе целяпаецца кабура з наганам.
Стаіць, жартуе, зубаскаліць з начальнікам канвоя. Адмыкаць не спяшаецца. Ногі
закляклі, шчокі пакрыліся гусінымі пупышкамі і самі сабою дрыжаць, губы ледзьве
варушацца. Адно жаданне: хутчэй бы пад дах, у цяпло. З зайздрасцю пазіраем на
барак і з апаскаю на заінелыя палаткі. Яны-то, відаць, якраз і для нас. Барак
даўно заселены.
З
зоны на вахту паволі ідзе сярэдняга росту мужчына ў доўгім шынялі і кубанцы.
Яны доўга гавораць з начальнікам канвою, закурваюць, нібыта нас і не бачаць.
Нарэшце забірае ў начальніка канвою нашы фармуляры і становіцца каля расчыненай
брамы. I зноў пачынаецца старая песня: прозвішча, імя, па
бацьку, год нараджэння, артыкул, тэрмін. Выкліканы ідзе ў зону і чакае
астатніх. Мы, сябры і знаёмыя па волі і перасылках, трымаемся адзін аднаго, каб
быць разам і тут. Адзін за адным прайшлі ў зону. Каля нас круціцца губаты,
шыракатвары блацяк з «фіксаю» на пярэднім зубе, у новым мультановым бушлаце,
закасаных валёнках і з тоўстым кантовым кіем у руцэ. Відаць, ён нейкі лагерны
начальнік, бо парадкуе нас, пакрыквае, марудных папіхае каптовым
«воспитателем». «Адкуль, контрыкі, прывалілі?» Пачуўшы адказ, выскаляецца:
«Бульба-картопа дробненькая. А за Гомелям людзі ёсцяка, гы-гы-гы! Ну, варушыся,
даўгалыгі трацкіст»,— штурхае ён паважанага колішняга метадыста наркамасветы
Жураўскага. Той ледзьве пераступае на распухлых, як палівачы, нагах.
«Усякайце.
Значыць, так: я — ваш нарадчык Віцёк Мілашачкін. Зараз зоймем апартаменты,
разаб'ём вас, жмурыкаў-саколікаў, на брыгады і пачнём іскупаць віну перад
народам. Парадак такі: пад'ём у шэсць, развод у сем, з барака вылятай без
апошняга. Маруднаму мой памочнік дапаможа»,— ён рагатнуў і патрос кантовым
дрынам. «За мною шагам марш!» — і павёў у доўгую заінелую палатку. З яе, з
вытыркнутых бляшаных труб, валіў густы дым.
Палатка
метраў на сорак пацягнутая на каркас з неакоранага падтаварніка, абапал вузкага
праходу суцэльныя двух'ярусныя нары. Пасярэдзіне дзве печкі з бляшаных бочак,
папаленыя дачырвана. Вокан няма. На прыбітых да слупоў паліцах дымяць тры
газнічкі. Дымна, парна, і пахне паленым кортам. У паўзмроку на нарах у нечым
длубаюцца невыразныя цені, замест фіранак паразвешваны брудныя каравыя
парцянкі, ідзе едкая пракіслая пара ад мокрых бунілатаў. Хто захапіў месца пры
печы, падсмажвае на ражэнчыку рэшткі пайкі, зманліва пахне прыгарэлым хлебам.
Мы,
чалавек трыццаць, запялі верхнія нары, рэшту нашага этапу загналі ў суседнюю
палатку. Пад намі настылыя сырыя дошкі. Ад пасцеляў мы адвыклі даўно: што на
мне, тое і нада мною, у чым хаджу, у тым і сплю, тым і накрываюся. Турэмныя
падлогі былі сухія, а тут сядзіш на макрэчы. Вецер ляскае намёрзлым брызентам
палаткі, у вузкім праходзе снуюць, варушацца, штурхаюцца, падобныя на кажаноў,
цені, праціскаюцца да печы, як чорныя кіпцюры, працягваюць да цяпла
паскручваныя пальцы. Гэта чакае і нас. Мы ўпяцёх, сябры па волі і этапах,
умасціліся побач. Са смакам нюхаем пах падсмажанага хлеба і глытаем слінкі. Нам
сёньня нічога не належыць: сухі паёк даўно з'едзены, а тут яшчэ не паставілі на
катлавое ўтрыманне, вось і хаўкаем, шморгаем насамі і загаворваем адзін аднаму
зубы, каб меней думаць пра хлеб.
Мой
сусед, былы карэспандэнт «Известий» Валодзя Мяжэвіч, яшчэ не падобен на
арыштанта: на ім добрае зімовае паліто з каракулем, цёмна-карычневы гарнітур з
камізэлькаю, цёплая шапка, чаравікі з суконнымі гетрамі на гузічках. Усё
пакамечылася, запылілася, але яшчэ нагадвае прэстыжнае мінулае гаспадара. 3
зайздрасцю пазіралі на гарачую печ, каб адагрэць мокрыя змерзлыя ногі, але
навічкам туды не прабіцца. Сушымся, пазвесьваўшыся з нараў. Умошчваемся не
распранаючыся, пад галавою торбачка з рэшткамі трантаў пасля шмонаў, пражарак і
крадзяжоў на этапах, на босыя ногі нацягваем мокрыя калошы штаноў. Ляжым з
заплюшчанымі вачыма, кроў стукае ў скроні, думкі ні на хвіліну не даюць спакою:
што тут нас чакае, што будзе заўтра, праз месяц, праз год? А іх наперадзе
дзевяць — больш за год адбыў у турмах.
Дажыць хоць да лета. Успамінаецца, як даўно забыты фільм, такое далёкае жыццё
па волі. Сяброў і знаёмых не абмінуў гэткі ж горкі лёс. Хто ж застаўся там, не забраны? Чаму адных узялі, а
другіх не? Пісьменнікаў з магілёўскай перасылкі высмыквалі на этап па некалькі
чалавек. Куды іх закінуў лёс? Дзе яны цяпер?
Добра, што побач некалькі
блізкіх і надзейных сяброў, загартаваныя у следчых рэбрадрабілках, у карцэрах і
на этапах. Калі адчыняюцца дзверы, у палатку ўрываецца хісткае злавеснае святло
ад вогнішчаў вакол зоны. Яны гараць усю ноч.
Грукаючы
сваім «выхавальнікам», уваходзіць Віцёк Мілушачкін: «Жмурыкі-мазурыкі,
прыбыўшыя нонча, слухай сюды. Заўтра вы брыгада лесарубаў. Брыгадзір ваш вось
ён, былы памкамузвод доблеснай Чырвонай Арміі, а цяпер за доўгі язык, як і вы,
пяцьдзесят восьмая. Пакажыся,
Міша Селязнёў». На крок адышоў сярэдняга росту вайсковец у
шынялі і будзёнаўцы без зорачкі. У змроку былі відны толькі падбародак і
правалы вачэй. Ён трымаў даўгаватую фанерную дошчачку і запісваў на ёй
насліненым хімічным алоўкам нашы прозвішчы і ініцыялы. Зрабіў пераклічку,
папярэдзіў, што на снеданне ідзём строем, а адтуль — на развод.
А
Віцёк усё нешта марудзіў: некага ўшчуваў, палохаў кандзеем, адганяў ад печы з
апухлым шкляным тварам дахадзягу. Ён засынаў і тыцкаўся тварам аб гарачую
бляху, на шчоках цямнелі апёкі, там, дзе пазлазілі струпы, ружавела скура і
сачыліся болькі. Відаць, чалавек дажываў апошнія дні. Гэта быў некалі славуты
на заводзе імя Варашылава ўдарнік і рабкор Іван Іванавіч Казлоў. Яго імя
грымела на мітынгах і ў друку, ён сядзеў у прэзідыумах і стаяў на трыбунах,
цяпер ашклянелы, апалены, амаль непрытомны дагараў каля бляшанай печы ў
халоднай палатцы за тысячы вёрст ад дому пад гул таежнай завірухі. Барані Божа
дайсці да такога стану. Лепш загінуць адразу без зняважлівых пакут.
Пакруціўся
Мілашачкін каля нас і ўскочыў на верхнія нары. «Ну як, мужыкі? Хоць хранова, а
жыць можна: замка і парашы няма, і то добра. А ты, пахан,— звярнуўся ён да
Мяжэвіча,— відаць, на волі фартовым хмыром быў? Га? — Мяжэвіч маўчаў.— Слухай
сюды. Шмоткі твае уркі адразу памыюць. Давай махнём кліфт, правілку, шкары на
зменку і чатыры пайкі. Ну, лады?» — «На якой вы мове гаворыце? Я нічога не
разумею».— «Цьфу ты, ахламон. Мала ж цябе вертухаі ганялі, што па фені
не ботаеш. Хрэн з табою. Сам прыбяжыш і залямантуеш: «Ой, ратуйце, раздзелі,
абакралі. Давай па-людску, у пакладзе не будзеш. Я ўсё магу. А там і ў прыдуркі
ўваткну».— Мяжэвіч закруціўся ў паліто і прыкінуўся, што спіць. «Ну, аглаед,
ты ў мяне
яшчэ паскачаш».— Нарадчык лёгка саскочыў з нараў і выскачыў з палаткі.
На праходзе ўсё яшчэ сланяліся і штурхаліся каля печы цёмныя здані: нешта
мянялі, адмервалі махорку запалкавымі карабочкамі, сварыліся, валтузіліся.
Гайдаўся і ляскаў па апалубцы брызент палаткі, з шчылін цягнула холадам, было
вільготна і мулка.
Неўзабаве
на вахце ўдарылі жалязякаю па вагонным буферы: адбой. Хочаш не хочаш, лажыся.
Калі пашанцуе,— сон — адзінае збавенне ад усіх пакут і страшных дум. Чалавек
ужо прызвычаіўся, што ён нікому не патрэбен, што яго могуць расцерці, як муху,
але ўсё ж чапляецца за жыццё, на нешта спадзяецца, верыць, што яго голас нехта
пачуе і выратуе з гэтага пекла. Цяжкі і трывожны сон — і збавенне і пакута. Зноў прыходзяць кашмары допытаў,
начныя «стойкі», «канвееры» па трое сутак. Нарэшце знясіленага цягнуць у
адзіночку. Адзіны паратунак — зваліцца на тапчан і заснуць, але дзе там заснеш:
да адбою класціся забаронена. Садзішся на мураваны ў сцяну зэдлік, падпіраеш
рукою шчаку, павекі заплюшчваюцца самі. Стук у жалезныя дзверы — не спаць! I так да вечара. Адбою чакаеш, як збавення. Толькі
прылёг, праваліўся ў бездань, адчыняецца жалезнае акенца, стук ключом: «На «
Гэ» —- на допыт. Жыва! Жыва!» Адразу не ўцяміць, што ты, што з табою, а дойдзе — дрыжыкі працінаюць наскрозь. На
ўсё жыццё запомніўся пах пракураных «Беламорам» калідораў следчага корпуса,
перасвіст «вывадных», каб не сустрэліся арыштанты, як прывіды, упаўзаюць у
памяць шэрыя ад папяроснага дыму і злосці, калюча-сухія, здзекліва-ўсмешлівыя і
сытыя абліччы следчых, і жах апаноўвае зноў. Шчасце, што гэта
сон, што допыты — у
мінулым.
На
голых нарах храпуць, трызняць, варочаюцца, стогнуць, чухаюцца ад страшэннага
свербу няшчасныя людзі. Мы ж месяц не распраналіся, не мыліся, рубцы
залубянелай, як бляха, бялізны, як асцюкамі, забіты шэрымі паразітамі. Калі
распранемся? Калі памыемся? Пакуль што ніякіх надзей. Палатка заінела з
сярэдзіны, мерзнуць рукі, не знятая на ноч шапка прымерзла да брызенту,
здранцвела шыя, страшна паварушыцца, а ў шэсць гадзін пад'ём. Колькі ж цяпер?
Паўтара года я не бачыў гадзінніка, але беспамылкова дзейнічае біялагічны. Што
мяне чакае заўтра, як пачнецца першы дзень лесаруба? Што абую? Што адзену? Куды
пагоняць? Што скарачаюць лучковая піла і канадскі тапор, жыццё ці тэрмін?
Так
у палоне пытанняў і ў тумане трызнення я нерухома ляжаў па трошкі падсушаных
уласным целам нарах. Хацелася забыцца, хто я і дзе я, але трэск замерзлай
палаткі, храп, мармытанне, стогны і крыкі суседзяў у сне вярталі ў страшную
рэальнасць. Толькі праваліўся ў нейкую глыбокую прорву, адчуў бязважкасць і
застыў у палёце, як ударылі на вахце ў буфер: «Пад'ём! Па-а-д'ё-ом!» Днявальны
запальваў капцілкі, адразу шэрая маса заварушылася на нарах, нацягвалі яшчэ
мокрыя штаны і целагрэйкі, а мы нейкімі матузкамі шнуравалі свае чаравікі, твары
здаваліся сінімі з чорнымі праваламі, лесарубы шукалі лапці і парцянкі, за
патрэбаю выскаквалі за дзверы палаткі, а следам урываліся клубы белае пары,
нібыта воблакі на нябёсах. Вакол палаткі снег быў жоўты, папраточваны
чалавечымі струменямі. Трошкі далей адыходзілі, чэрпалі далонямі шурпаты снег,
расціралі рукі і твар: ні вады, ні ўмывальнікаў не было. I ўсё бягом, усё «Давай! Давай!». 3 гэтым «давай»
уставалі, пласталіся на лесасецы і звальваліся на нары з адбоем.
Брыгадзіры
раздавалі пайкі хлеба. Гэта была сапраўдная латарэя: адзін адварочваўся,
брыгадзір вымаў пайку і пытаўся: «каму», той называў прозвішча. Шчасліўцу
трапляла гарбушка. 3 ім спрабавалі памяняцца з прыдачаю на цыгарэту махоркі.
Але дзе там! Такая ўдача бывала
не часта.
У
палатку ўварваўся раз'ятраны Віцёк. «Што ж вы, маць вашу, цераз пень-калоду,
контрыкі, сабатаж разводзіце, усё яшчэ мітынгуеце, бляхі ёдам мазаныя! Ану,
вылятай, аглаеды, без апошняга!” – І, стоячы на расчыненых дзвярах, хрысціў
кантовым дрынам кожнага, хто не ўправіўся апярэдзіць суседа. Строем ішлі ў
сталоўку, -- па вокны ў зямлі засыпны з дошчак барак, поўны пары, гоману і
тлуму. Упершыню бачу міскі, вытачаныя з бярозавых чурак, набрынялыя, слізкія і
кіслыя. Няхай сабе, абы былі поўныя, а ў іх недавараны турнэпс, хвасты і галовы
салёнай траскі.
Лагпункт толькі асвойваюць. Няма яшчэ электрычнасці, каля вахты і вакол
зоны гараць зыркія вогнішчы. Ад полымя снег і твары арыштантаў чырвоныя, як на
пажары, і навакольны замецены і заінелы лес здаецца ружовым і хісткім. Наш
брыгадзір камандуе па-вайсковаму: «Брыгада Селязнёва стр-р-ро-й-ся!» У
водбліску вогнішчаў панура ідзём на вахту. Рукі і ногі ўжо адубелі, а што ж
будзе да вечара? У суседнім невялічкім бараку стаіць страшэнны гвалт і
гармідар, крыкі, шматпавярховы мат, жаночы віск, лаянка, якой зроду не чуў.
Старыя лагернікі жартуюць: «Выводзяць брыгаду Машкі — «зялёнага пракурора».
Нарэшце адна за адною выскакваюць маладзенькія дзяўчаты, амаль падлеткі ў стра-катых
пальцечках, хустачках і берэціках, а з вуснаў ляціць такі слоўны бруд, што я
тузаю сябе за вуха, ці не сніцца гэта мне. Павольна з барака выходзіць у міліцэйскім
шыпялі і шлеме з казыркамі спераду і ззаду кірпатая з мангольскімі вочкамі і
адкапыленаю ніжняю губою «зялены пракурор» — Машка Прошкіна і сыпле такую віртуозную
лаянку, што рагочуць усе брыгады. Яна не выгаворвае палову алфавіту, і яе
мацюкі становяцца яшчэ каларытней. А я думаю: «Божа, божа, да чаго давялі самую
чыстую істоту — жанчыну; як яна апусцілася і дзе? У нашай перадавой
дэмакратычнай краіне». Палохаюся сваіх думак і гляджу, як нарадчык і дзяжурнякі
валакуць да вахты гэты жаночы «батальён смерці», а Машка закасвае левы рукаў
шыняля, правую далонь падстаўляе пад локаць і трасе рукою ў наколках: «Мы табе,
гражданін начальнік, в-о-о памантулім. Наша спіціяльнасць вясёлая. Закарціць,
прыходзь на дзялянку, мы табе пака-жам хранцузскія прыёмчыкі». Усе рагочуць, а
Машцы толькі таго і трэба. Начальнік нібыта нічога не чуе. 3 лямантам, віскам і
крыкам выпіхваюць жанчын за вахту, не сунімаецца толькі «зялёны пракурор».
Брыгады
вывелі за вахту, а нас затрымалі. Стаім, чакаем. Павольна падышоў начальнік,
рыхлатвары, з чырвонымі, трахомнымі павекамі, у белым казловым кажусе, фетравых
бурках і чорнай кубанцы. Агледзеў нас, пакруціў галавою: «Ну і рабацяг падкінулі!
Дзе толькі набралі такіх? Вы ж у сваіх шціблеціках, як прусакі, памерзнеце. А
ты, ваяка, як трапіў у гэтую хеўру контрыкаў?» — спытаў у высокага і худога, як
тычка, у доўгім кавалерыйскім шынялі і будзёнаўцы лейтэнанта Ягорава. «За
падмо-чаную радню, гражданін начальнік».— «Тады да-вай, падмочаны, з
брыгадзірам у капцёрку па лапці і парцянкі. Скажаш, я загадаў».— А мы ўжо
выбіваем чачотку і ляпаем сябе па настылых плячах.
Два
былыя вайскоўцы прынеслі бярэма ануч з мешкавіны і ліпавыя лапці. «Разбірай!
Азувайся!» — загадвае брыгадзір. Хапаем, каму што дасталося, садзімся на снег і
ўспамінаем пастушкоўскае дзяцін-ства: абкручваем чаравікі анучамі, нацягваем
лапці, а яны не лезуць, ззаду тырчаць абцасы, так-сяк зацягваем аборы, ідзём як
спутаныя. Нас прыспешваюць: «Давай! Давай! Варушыся весялей!» 0, гэтае «давай»,
яно дзень у дзень, ад пад'ёму да адбою да вызвалення або да магілы, як бізун
хвошча кожнага лагерніка. Некаторыя ад злосці самі сабе мармычуць: «Давай
хрэнам падавіўся». А ён жывучы — «давай», і мацюкі — асноўны слоўны запас
любога лагернага начальніка. Варта іх засвоіць, і можаш кіраваць чым захочаш.
Каля
інструменталкі брыгадзір раздае папярочныя пілы і калупы. А дзе ж тыя,
лучковыя, што скарачаюць шлях да вызвалення? Відаць, іх яшчэ трэба заслужыць.
Нясу на плячы хісткую і звонкую пілу, мой напарнік Валодзя Мяжэвіч — сякеру.
Яго яшчэ не паспеў раскурочыць Віцёк Мілушачкін. Валодзя, бадай, адзін з усяе
брыгады не мерзне, але ў доўгім паліце цяжка адольваць высокія сумёты. Мы
ўваходзім у густы лес. Яшчэ толькі пачынае шарэць, у небе растаюць і знікаюць
зоры, вобмацкам цаляем у сляды папярэднікаў. Ідзём моўчкі, нібы на ўласных
хаўтурах. Правальваемся вышэй калень у гурбы сыпкага снегу. Крыссе
брыгадзіравага шыняля плыве па і сумётах, а стралок прыспешвае: «Давай, давай,
варушыся, не адставай!» Ён злосны, бо, відаць, недаспаў, і ён, як і мы, грузае
па снезе і будзе да самага адбою стаяць на сцюжы і на ветры, ратавацца каля
кастра. Таму і лаецца, бо болей няма на кім спагнаць злосць, бо верыць, што
пільнуе «ворагаў народа», а ён і
ёсць той самы народ і мае права пры парушэнні строю страляць без папярэджання,
і можа стрэліць, дай толькі зачэпку, і аддзячыць начальства за пільнасць і
класавую непрымірымасць. Чаго толькі не перадумаеш за гэтую доўгую і цяжкую
дарогу.
Неба
пачынае сінець, выразней відны камлі сосен, прыгнутыя снежнай навіссю лапы
ельніку. Нарэшце неяк дагрэбліся да ачаплення. На некалькі квадратных
кіламетраў дзялянка лесу акантавана шырокаю прасекаю, на ёй выцераблена ўсё да
былачкі, метраў за сто адна ад аднае стаяць вышкі, каля іх дымяць вогнішчы:
калі стралок змерзне — злезе пагрэцца. Кастры распальвае і падкідае дровы былы
рэктар нашага Беларускага універсітэта прафесар Рудніцкі. Худы і высокі, як
бацян, тоненькія ногі ўкручаны салдацкімі абмотамі, на галаве прапалены
малахай, на пасінелым носе прывязаныя ніткаю да вушэй акуляры з адным
раструшчаным шкельцам. Яму многія зайздросцяць — ён на «цвёрдым» акладзе —
шасцісотка і другі кацёл, а за іх трэба мантуліць не разгінаючыся.
На
вахце начальнік канвою фанернаю дошчачкаю грэбліва адкідае нашы здвоеныя рады,
запісвае па фанерцы трыццаць дзве душы і папярэджвае брыгадзіра, што ён за
кожнага адказвае галавою. На дзялянцы сустракае дзесятнік, круглавокі,
сярэдняга росту і веку мужчына ў новых валёнках і ватных штанах, зграбным
чорным паўкажушку, з трошкі заінелымі закручанымі вусікамі. «От твая дзялянка,
Селязнёў, расстаўляй сваю брыгаду «ух», толькі так, каб не перабілі адзін
аднаго. Паняў? Цяпер слухайце сюды: норма ў нас па сто працэнтаў такая:
зваліць, ацерабіць, спаліць сучкі, распілаваць хлыст па паўметровыя чуркі,
перакалоць іх, скласці ў штабель вышынёю метр дзесяць сантыметраў, даўжынёю...
Колькі, вы думаеце, трэба на тры і тры дзесятых кубаметра?.. шэсць і
шэсцьдзесят сотых метра, а на дваіх у два разы болей. Гэта і ёсць сто працэнтаў
— шэсцьсот грамаў хлеба, другі кацёл і неабмежавана свежае паветра. Зразумела,
мужыкі? Тады — за работу. Улічыце, валіце дзеравіну, крычыце, каб сцерагліся
су-седзі, а то вы самі сабе смяротныя прысуды вынесеце. Расстаўляй, брыгадзір».
Дзесятнік ляпнуў па халяве доўгім кійком з антыметровымі дзяленнямі і знік у
падлеску. Брыгадзір удакладніў: «Невыкананне нормы — трыста грамаў, штрафны
кацёл, ноч у кандзеі, а раніцай — на развод». Ён расставіў пары далей адну ад
аднае, лейтэнанта Ягорава без напарніка прызначыў «кастражогам», а мы з
Валодзем па-чалі абтопваць камлі тонкіх бярозак. Пакуль поўзалі па снезе, яшчэ
не пілаваўшы, абодва выбіліся з сіл. Дзіва што! Паўтара года без руху, у душных
камерах, на пайцы і місцы баланды раз на
дзень. Адкуль узяцца той сіле?
Але трэба варушыцца. Укленчылі і
пачалі пілаваць шурпаты камель топкай бярозкі. На сярэдзіне, як
абцугамі, заціснула пілу. Колькі ні тузалі — ні з месца.
Падсеклі, я ўпінаўся плячом і галавою. Валодзя цягне пілу, а яе зноў
за-ціснула. Нарэшце жывасілам звалілі
сваю першую бярозку, яна з гулам
крышыла падлесак і ўпала ў мульхны
снег. Сяк-так абсеклі вецце, паспрабавалі пілаваць, зноў заціскае пілу.
Падважваем, круцімся, і патыкаемся, падаем, умакрэлі, змагліся і нічога не
пілавалі.
Непадалёк
каля вялізнага замеценага снегам лаўжа рукавом шыняля выцірае слёзы, ад адчаю
ці ад дыму, лейтэнант Ягораў і ніяк не можа ўпаліць адсырэлае сучча. Мы трохі
аддыхаліся і звалілі яшчэ адну бярозку, і яна патанула ў снезе, і зноў
заціснула пілу. Выбіліся з сіл, а
выніку ніякага. Значыць — трыста грамаў, ноч у кандзеі, а
заўтра і на такую работу не хопіць сіл. Перспектыва адна: да вясны загнёмся. «И
никто не узнает, где могилка твоя».Селі на недарэзаную бярозку і заплакалі ад
крыўды, ад бяссілля, ад голаду і холаду, ад жалю да сябе
і блізкіх. Зноў вярэдзіць
неадступнае пытанне — за што? Незаўважна
падышоў дзесятнік. «Вось гэта рабатнулі. Ну, стаханаўцы... нічога не скажаш. А
я ішоў кубікі прымаць. I той ваяка,— ён кіўнуў на
Ягорава,— соплі распусціў. I не сорам, дарослыя
мужыкі. Ты кім быў на волі?» — спытаў у Мяжэвіча. «Карэспандэнтам «Известий».—
«Ну, і, вядома, пісалі пра стаханаўцаў поля і лесу, як яны лёгка даюць па тры
нормы, а паспрабавалі і селі макам у першы ж дзень. Ладна. Хопіць вільгаць
разводзіць. Усё роўна Масква слязам не верыць. Хрэн з вамі. Сёння выручу:
запішу кантоўку дня ля пня і выведу шасцісотку. I таму бацяну ў шынялі нешта
прыдумаю. Неяк трэба ратаваць вас... Ну і брыгадка ў Селязня». Ён па-махаў
сваім метровым кійком і лёгка і спрытна пайшоў туды, дзе шугалі вогнішчы,
падалі дрэвы, грукалі сякеры, чуліся крыкі:
«Бера-а-жыся!»
Да
нас падышоў замурзаны сажаю, змерзлы Ягораў. Мы яго суцешылі абяцаннем
дзесятніка. Гусцеў змрок, дагаралі вогнішчы, пераклікаліся брыгадзіры і
лесарубы. Неўзабаве на вахце ўдарылі ў рэйку: «Выходзь строіцца!» Наш першы
рабочы дзень закончыўся нічым. Грузаючы па снезе, зусім знясіленыя, мы ішлі на
вахту каля доўгіх шурак дроў, штабеляў дзелавой драўніны, датлелых кастроў.
Здалеюць жа, умеюць неяк людзі, зайздросцілі мы лесарубам.
«КАРАЦЕЙШЫ ШЛЯХ...»
Ніяк
не магу ўцяміць, дзе рэальнасць, а дзе трызненне і соп. Ляжу па нарах, чую
гамапу, сваркі, крыкі: «Укралі! Укралі! Лаві яго, гада!» Пацягнула халодным
вотрам. Гляджу—насупраць, у брызенце прарэзана вялікая дзірка. Праз яе зніклі
дзве торбы з трантамі і пайкамі рабацяг. Пакуль абкрадзеныя беглі праз дзверы,
зладзеяў і след прастыў. Глыбей нацягваю шапку, адгінаю на лоб калматы казырок,
заплюшчваючы і зноў патанаю ў свет успамінаў. Але ўспамінаць? Колькі было таго
жыцця? Галоднае і пакутнае маленства, кароткае «орабачиванне» на бабруйским
камбінаце, захапленне літаратурай, мары пра пісьменніцтва, жаданне служыць
літаратуры да скону, зрабіць нешта значнае, стаць вядомым назло зайздроснікам,
што ў вочы кпілі з мяне, дражнічы вершаплётам. Я моўчкі зносіў абразы і верыў у
свой шчаслівы лёс.
Успаміналася
студэнцтва на трохсотграмным пайку, бутэрброды з гарчыцаю ў студэнцкай
сталоўцы, але якія былі спадзяванні, якія ўяўляліся перспектывы, даволі частае
друкаванне ў газетах рыфмавнай банальшчыны да свята, да падпіскі на пазыку, пра
выратаванне чалюскінцаў. I гэта па наіўнасці здавалася далучэннем да літаратуры.
Успаміналася частае наведванне Дома пісьменніка, шапачнае знаемства з вядомымі
пісьменнікамі і такімі ж, як і сам, калялітаратурнымі хлапчукамі. Не магло
прысніцца нават у кашмарным сне, што за наіўную калялітаратурную гульню могуць
на самым пачатку так бязлітасна паламаць жыццё і кінуць, як страшнага ворага, у
каменную дамавіну адзіночкі так
званай “амерыканкі». Яе тэрмінова збудавалі па праекце таленавітага
архітэктара (казалі, што потым ён сам сядзеў як шкоднік) у двары самага
страшнага наркамата, калі пачалася расправа над «ворагамі народа», калі
даваліся заданні і спускаліся планы ці арышты і знішчэнне.
Нават на
мулкіх нарах у
настылай палатцы страшна
ўспомніць маю адзіночку, несупынны трохмесячны канвеер — ноч і дзень, зноў ноч
і дзень, калі страчана адчуванне часу, рэальнасці, а бяссонне пад невыносным
прэсам пагроз, здзекаў, цынічных зняваг некалькіх змен следчых даводзілі да
галюцынацый, да страты прытомнасці, «Амерыканка» адразу
расплюшчвае
чалавека маральна, дзейнічае на псіхіку, ашаломвае незвычайнай таямнічасцю, а
бясконцыя месяцы бяссонных допытаў пра нішто нават непакорлівага і трывалага
ламаюць як асобу, і ўжо чакаеш смерці, як збавення ад страшэнных здзекаў і
нечалавечых пакут.
I ў
сонечныя дні ў камеры змрок і магільная цішыня. Сядзі і думай пра свае
«злачынствы», якіх у цябе ніколі не было, бо ўся твая біяграфія — тры радкі на
старонцы вучнёўскага сшытка, а следчы патрабуе «арганізацыі», «зборышчаў» і
дзяўбе адно: «Прызнавайся! Гавары праўду», а праўдаю тут лічаць хлусню,
фантазію і самапаклёп. Прыдумляй з расплюшчанымі вачыма, бо пават задрамаць
стоячы лічыцца злачынствам, а за яго караюць карцэрам у глыбокім падзямеллі,
без святла і чыстага паветра, з цуркамі вады па сценах і па падлозе. Ні
тапчана, ні зэдліка. Стой, пакуль не звалішся ў халодную лужыну на бетоннай падлозе.
«Амерыканка»
наяве і ў снах трызніцца, як кашмарнае відовішча. Я ў адзіночцы па несупынным
канвееры праседзеў тры месяцы. Потым яшчэ туды вяртаўся тры разы. Усё гэта
круціцца ў памяці. Сон не бярэ на голых, трохі падсушаных уласнымі бакамі,
нарах. Жах апаноўвае, што праз некалькі гадзін зноў удараць у буфор і...
«вылятай без апошняга», умывайся снегам, сёрбай у чаднай сталоўцы поліўку з тра-сковымі галовамі, дрыжы на
разводзе, шэсць кіламетраў мясі снег да лесасекі, выбівайся з сіл каля тонкіх бярозак, ведаючы,
што норму ніколі не выканаць. Значыць, тут і загнешся, у хмызяку за конбазаю
засыплюць снегам і твой шкілет, бо, як ні старайся, на лучковую пілу і канадскі
тапор спадзявацца няма чаго. Лепш было б пад гэтымі варотамі напісаць: «Оставь
надежду всяк сюда входящий».
Але
так ужо створаны чалавек, што да апошняй хвіліны на нешта яшчэ спадзяецца, каб
хоць на дзень адкласці апошняе імгненне. Вось і Валодзя Мяжэвіч «махнуў
кліфт, правілку і шкары» за некалькі
паек хлеба і абяцаную палёгку. Паліто аддаў дзесятніку Папову, яму хутка
вызваляцца, затое нам цяпер гарантавана шасцісотка і другі кацёл. У мяне
“заганяць» няма чаго, таму адчуваю сябе нахлебнікам свайго напарніка. А ён
адразу стаў падобны на датлелага дахадзягу — бушлат трэцяга тэрміну, мультановы малахай, на нагах ватныя бахілы і
лапці, а я калачуся ў сваіх неданосках з волі—нікога яны не прывабілі, ніхто за
іх і пайкі не дасць.
Неяк у зоне нечакана сустрэўся даўні знаёмы — паэт Сяргей
Дарожны. Тут ён быў пад сваім прозвішчам
— Серада. Мы з ім таварышавалі на волі, часта сустракаліся ў Доме
пісьменніка, бываў у яго на кватэры ў «пісьменніцкім мікрараёне» на вуліцы Розы
Люксемембург. Сустрэліся ў адной камеры мінскай гарадской турмы. Яго раней за
нас забралі і раней
адправілі на этап. I вось сустрэча. Угледзеў і ледзь
не пазнаў. Сяргей заўсёды быў франтаваты:
насіў дарагія касцюмы, модныя чаравікі і гальштукі, абавязкова капялюш і
з дарагога драпу паліто. I ў турме ён вылучаўся вопраткаю. Цяпер на ім была
цеснаватая прапаленая мультановая шапка з падвязанымі кароткімі вушамі, трэцяга
тэрміну бушлат, бахілы і так званыя ЧТЗ— вялізныя чаравікі з аўтамабільных
пакрышак. Настрой у Дарожнага быў бадзёры: ён, нягледзячы на
«контррэвалюцыйны» артыкул,
прыстроіўся
рахункаводам у бухгалтэрыі: выпісваў на
брыгады лапці, парцянкі, целагрэйкі і бялізну. Я пацікавіўся, як гэта
яму пашанцавала ўбіцца ў “прыдуркі». Сяргей не вельмі ахвотна расказаў, што
начальнік КВЧ (культурна-выхаваўчай
часці) Малаканаў даведаўся, што ён
паэт, папрасіў напісаць
мабілізуючыя частушкі,
рыфмаваныя лозунгі і за гэта прыстроіў у кантору. «А хто такі Малаканаў?» —
пацікавіўся я. «Ён жа кожную раніцу на разводзе выступае з прамовамі, заклікае
выконваць і перавыконваць план, даваць «лес Родине, и она вас простит!». Я думаў,
гэта намеснік начальніка такі палымяны прапагандыст, а Сяргей растлумачыў, што
Малаканаў — «бытавік», родам з Горкага, яго расканваіравалі і даручылі
выхоўваць нас. Цяпер стала яспа, чаму на разводзе, стаўшы на скрынку, ён
звяртаецца да нас: «Товарищи заключенные! Родина-мать дала вам возможность
честным трудом искупить свою тяжкую віну. Родине нужен лес для великих строек
социализма, наш долг — дать его Стране Советов, оправдать доверие партии
Ленина-Сталина, сохранившей вам жизнь, чтобы вы исправились, перевоспита-лись и
стали честными гражданами нашей самой счастливой в мире страны. За ударный труд
предоставляются зачеты, и вы досрочно возвернетесь в семью строителей
социализма. За работу, това-р-р-иши!» Адно і тое ж кожны дзень.
Малаканаў
ходзіць у будзёнаўцы, новенькім бушлаце, зграбных валёнках з закасанымі
халявамі, весела жартуе з начальнікам і камандзірам узвода, за панібрата з
вахцёрамі, жыве ў асобнай кабінцы, абеды яму проста з кухні носіць днявальны.
Пасля штодзённай «малітвы» на вахце Малаканаў падае знак блатаватаму
гарманісту, і той рэжа адну і тую ж мелодыю «Утро красит нежным светом стены
древнего Кремля». Пад музыку вахцёр пералічвае пагалоўе брыгад, а стралкі
далдоняць адно і тое ж: «Шаг впра-во, шаг влево ... стреляю без продупреждения».
На
адным з разводаў Малаканава не было, а мы так прывыклі да яго зычных
«акафістаў», што здалося: нечага не хапае. Думалі, захварэў, аж не, папаўзла
чутка: палымяны прамоўца і наш заўзяты выхавальник... з б е г. Знік, і знаку
няма. Ні аўчарка, ні стралкі так і не ўзялі след, па якім сігануў Малакананаў.
А оперупаўнаважаны чэкісцкага аддзела ўсю ноч дапытваў Дарожнага, як ён
садзейнічаў уцёкам Малаканава. I той расказаў шчырую праўду: за пасаду ў канторы
начальнік КВЧ зняў з яго ўсё, нават бялізну, каб па лагерных пячатках ніхто не
пазнаў, адкуль ён. Паліто і шапку пераправіў на конбазу раней, на гарнітур
Дарожнага нацягнуў новенькі бушлат, нібыта пайшоў на станцыю Пастой па плакаты,
прысланыя з упраўлення. Як пайшоў, так і след прастыў. Схапіліся толькі на
другі дзень, калі «прапаведнік» не выйшаў на развод. Потым выявілася, што
Малаканаў зусім не Малаканаў, а славуты ў айчынным свеце аферыст, якога шукаюць
па ўсёй краіне. Ён здабыў сабе прыстойную «ксіву» (дакумент), павандраваў па
Волзе і Каўказе, а калі адчуў, што можа ўліпнуць за ранейшыя буйныя злачынствы
украў нейкую дробязь, так, каб адразу злавілі. Далі яму чатыры гады, і ён
схаваўся на нашым лагпункце, каб пераседзець небяспеку. Занудзіўся па
сапраўднай «рабоце» і знік, каб пачаць гастролі па мінулай спецыяльнасці.
Няшчаснага
Дарожнага затузаў «кум» за садзеянне ўцекачу, але, відаць, Сяргей неяк
разжалобіў упаўпаважанага, што той не павесіў на яго новы артыкул і тэрмін, а
выгнаў з цёплага месца ў дахадзяжную брыгаду лесарубаў. Там Дарожны і скіс. А
мы патроху акрыялі: зрэдку з дому пачалі прыходзіць пасылкі. Сям'і ў мяне ўжо
не было, але дзядзька з Глуска часам прысылаў сухары, рукавок фасолі, кавалачак
сала і пачак кускавога цукру. Мае сябры мелі добрыя пасылкі ад блізкай радні,
але ніхто не жаваў хатнія прысмакі з кулака, усе дзяліліся чым толькі маглі.
Павесялела наша брыгада. Не таму, што стала пілаваць звыш
пормы, а ўсе навучыліся заганяць “туфт» — па тры разы здаваць адны і тыя
ж кубікі.
Дарожны
яшчэ не ўцягнуўся ў работу і не за-своіў лагерную прамудрасць, і з волі была
малая дапамога ад адзінай слаба забяспечанай сястры. Хадзіў Сяргей маўклівы і
змрочны. У лесе не выцягваў на другі кацёл, слабеў з кожным днём і думаў, як
вырвацца з лесапавалу. Дачуўся, што недзе ёсць сельскагаспадарчыя лагеры. Яны
яму здаваліся збавеннем — і работа лягчэйшая, і першая морквіна ці бульбіна,
хоць сырая, перападзе, а там, глядзіш, і гурочак не абміне. I паважыўся пісаць заяву,
што ён аграном і просіць скарыстаць яго па спецыяльнасці. Я яго ўгаворваў
нікуды не зрывацца ад сваіх, не паслухаўся, адправіў заяву ў Другі аддзел
упраўлення. «Які ж ты аграном? Выкрыюць падман і загоняць на штрафны»,— ушчуваў
я яго. «Хіба я не ведаю, як бульбу саджаць. А выкрыюць — пайду радавым рабочым.
Рыдлёўка і капаніца ўсё ж лягчэй за пілу, ды і перападзе якая гародніна, а тут
я загнуся галоднай смерцю». Мы бачылі, як ён пакутуе па сваёй маленькай паечцы,
дапамагалі як маглі. Напрадвесні яго выклікалі на этап па спецнарадзе. Мы
развіталіся каля вахты; я больш ніколі не сустракаў Сяргея і нічога не ведаў
пра яго лёс аж да шасцідзесятых гадоў. А лёс склаўся трагічна.
Адправілі
Дарожнага ў Камсамольск-на-Амуры. Там, на ўскраіне новага горада, быў вялікі
лагер. Пракладвалі дарогі, дзяўблі непадатлівую горную пароду, грузілі баржы і
«даходзілі», асабліва па начатку вайны. Ніякім аграномам Дарожны не стаў. Ён
пудзіўся, што адбіўся ад смаіх, сам сябе загнаў у гэты суровы край і ўкалвае
мудрэй, чым на павале.
Па
афіцыйнай версіі, Дарожны памёр у 1942 годзе ад запалення лёгкіх. Пелагру,
дыстрафію, поўнае знясіленне ў лагерных актах аб смерці пераймяноўвалі на больш
прыстойныя дыягназы — пнеўманія, сардэчная недастатковасць, рак або язва. Нешта
падобнае запісалі і ў апошнім дакуменце асуджанага па артыкулах 72-а і 70
(групавая контррэвалюцыйная агітацыя) Серады Сяргея Міхайлавіча, а на волі
пранікнёнага лірыка Сяргея Дарожнага.
У
шасцідзесятыя гады ў Камсамольску-на-Амуры я ехаў у трамваі каля таго самага
лагера, дзе пад шасцізначным нумарам сканаў Сяргей Дарожны, і ўспомніліся яго
даўнія радкі: «Зіма, зіма, а снегу па калені, ні сцежак, ні дарог няма». Так,
цяпер ні сцежак, ні дарог няма за тыя сопкі, куды звезлі тысячы пакутнікаў з
усіх куткоў нашай горкай, знявечанай, абрабаванай здзічэлымі катамі зямлі.
Магіл іх няма, і следу не засталося, толькі крываточыць і баліць незагойны
рубец памяці нямногіх жывых, што пранеслі цяжкі крыж, каб сведчыць пра здзекі,
знявагі чалавечай годнасці, пра масавае знішчэнне лепшых, і сумленнейшых сыноў
і дачок краіны, за волю і шчасце якой гінулі многія пакаленні самаахвярных
летуценнікаў і волатаў духу.
ТУФТА
Калі
з першых дзён не засвоіў прымітыўныя лагерныя хітрыкі, твой тэрмін будзе
скарачацца хутчэй за шчыгрынавую скуру, і вывезуць цябе, небараку, у самым
хуткім часе ноччу за вахту, а ў зводцы перавядуць з групы «А» ў групу «Д»
(нябожчыкі).
Не
прыпомню ніводнага выпадку, каб нават самы дужы і здатны лесаруб не тое што
дзесяць, а запар тры гады вытрымаў на лесапавале. Спачатку ён — ударнік, яго
ставяць усім у прыклад, абедаць садзяць на сцэну і, каб усе бачылі, нясуць
кампот і беленькую булачку, потым ён знікае са сцэны, ледзьве дае сто
працэнтаў, праз паўгода трапляе ў «слабасілку», аціраецца каля кухні, па
сметніках збірае косці, становіцца «шакалам» і «міскалізам», апухае, перастае
ўмывацца і непрыкметна пераходзіць у групу «Д». Нават асілак пры тых харчах, у
тых умовах і пры нечалавечых нормах больш трох гадоў не вытрымліваў.
Яшчэ
неяк трымаўся той, хто засвоіў спрадвечныя лагерныя ісціны: «Не правялі б
капала без туфты і аманала», «Дзень кантоўкі — месяц жыцця», астатняе залежала
ад вынаходлівасці, асцярожнасці і рызыкі, каб не засыпацца, не трапіць у
кандзей і здаваць адны і тыя ж дровы, рудстойку і дзелавы лес, пакуль не
вывезуць з дзялянкі.
На
туфту мяне з Мяжэвічам далікатна падбіў сам дзесятнік Папоў. Яго намёкі
спачатку напалохалі, а як расшалопалі, што да чаго, з штрафнікоў ледзь не
выбіліся ў стаханаўцы. Дзесятніку я падарыў вельмі дарагі напамінак аб доме —
зялёны пуловер у ромбіках. Каб надарунак
не выглядаў хабарам, сказаў: «У
палатцы ўсё адно ўкрадуць, у вас ён зберажэцца ды і на волі вам згадзіцца». Ён
паламаўся дзеля прыліку, нібыта нехаця ўзяў, потым наўрад ці ўспомніў калі нас
з Валодзем, а я вось яго і цяпер успамінаю. Паленцы ў
нашых штабелях ён адзначаў пятае
праз дзесятае, на
шасціметровых бярвеннях ледзь
прыкметна пісаў таўшчыню, запісваў выпрацоўкі і ішоў далей. Назаўтра раніцай на
сваю ўчорашнюю паленіцу мы спускалі бярозу, дровы рассыпаліся, з адзначаных
бярвенцаў шкельцам счышчалі адзнакі, распілоўвалі зваленую бярозу, змешвалі
дровы і хуценька складалі новы штабель са старых дроў у другім месцы і ў іншым
кірунку. На месцы штабеля раскладалі вогнішча, і знікалі яго сляды. На канцах
дзелавой драўніны зразалі колца з адзнакаю, закопвалі яго ў снег і зноў здавалі
бервяно, укарочанае на некалькі сантыметраў. Вясною ўся дзялянка, як аладкамі,
стракацела пазразанымі колцамі з шасціметровых лясін. Часам «туфтачы» так
захапляліся, што бервяно скарачалася ледзь не на метр, але нічога,— здавалі.
Туфта
была толькі падтрымкаю да нашага мізэрнага пайка, бо ўсё адно трэба было
варушыцца: валіць, абсякаць сучча, пілаваць, калоць, выкладаць паленніцы,
разбаўленыя туфтой.
Начальства ведала пра нашы фокусы, але не надта зважала
на іх. Яму важна было, што выконваецца план,
ідуць добрыя зводкі ва ўпраўленне і ГУЛАГ, і што на складзе не хопіць
некалькі тысяч кубаметраў , ніхто не
заўважыць, бо і грузчыкі зараджаюць туфту, і вагоны ідуць напалову пустыя. Тут
трэба было майстэрства. Я ім валодаў дасканала, але дзяліцца вопытам не буду.
Часам туфта
даходзіла да абсурднага
здзеку.
І
кожны вечар брыгадзір здае нарміроўшчыку рапарцічку дзённай
выпрацоўкі. Каля акенца
нарміроўшчыка чарга, штурханіна, гамана, углядацца ў кожнае слова няма калі, трэба хутчэй падбіць
працэнты і даць рапарцічку ў продстол.
I вось знаходзіліся брыгадзіры-жартаўнікі і
пісалі на поўным сур'ёзе:
I) Пракладка
тунэля на дне
Унжы — 100 пр.2) Кантоўка дня
каля пня — 96 пр. 3) Затрымка сонца
110 пр. 4)
Брыццё галавы прараба — 100 пр. 5) Разгонка дыму і гэтак далей.
Нарміроўшчык
дакладна падлічваў працэнты, ставіў сваю візу, а назаўтра рагатала ўся
бухгалтэрыя.
Калі
хто пападаўся на туфце, кара была бязлітасная: дзесяць сутак ізалятара, а часам
заганялі на штрафны. Гэта рабілася не столькі дзеля страху, а колькі для
справаздачы, што вядзецца «барацьба з контраю». Гэтае слова настолькі прыжылося
ў лагеры, што ўвайшло ў афіцыйныя
дакументы.
Начальства
нібыта вяло барацьбу з туфтою і туфтачамі, хоць і ведала, што без туфты не
абыходзілася
ніводная зводка і
справаздача ўпраўленню. I яшчэ быў адзін паратунак — «закасіць» у санчасці
вызваленне ад работы: нагнаць тэмпературу, прымарозіць пальцы, толькі так, каб
не аднялі, прыбінтаваныя пялёсткі кураслепу давалі такія флегмоны, што можна
было кантавацца тыднямі. Такіх майстроў было не так многа, але былі і
ратаваліся як толькі ўмелі, прыслужвалі каля кухні, пякарні, продкапцёркі і
мелі кавалак хлеба ці лішнюю міску баланды.
Мы
па-ранейшаму спалі на голых нарах, на бярозавай чурцы замест падушкі. Асабліва
даймалі неадлучныя арыштанцкія
спадарожнікі, якія не пераводзіліся
нават пасля дэзінфекцыі
ў рубцах нашых бляшаных ад бруду кашуль і споднікаў.
Яны не давалі ніколі сумаваць: усё чухаліся, скрэбліся, раздзіралі цела да
крыві. А яны пладзіліся і набухалі на нашых маслах, дасмоктваючы тое, што не
высмакталі следчыя. Чаргу ў лазню наша брыгада чакала больш за месяц. Ды і
лазня тая была як на здзек. Непада-лёк
ад вышкі скідалі хатку
не больш як на адну сям'ю. Каля яе дымілася жалезная
будачка з дзверцамі. Звалі яе вашапрудка, а па вучонаму — «дэза-камера». Брыгада распраналася каля яе проста на снезе.
Кожны нанізваў свае транты на гарачае драцяное колца і вешаў у камеру. У лазні
ніякіх сенцаў не было, на снезе адразу ўскоквалі ў мыйню, церліся адзін аб
аднаго і закураныя сцены. Пры ўкаходзе выдаваўся, як ірыска, драбочак мыла і
конаўка ледзь цёплай вады. Наіўнаму яе хапала памыліцца, а змываць чым
хочаш. Выскаквалі за дзверы, зачэрпвалі снег, ён хутка раставаў, і
збольшага змывалі мыла. А потым калаціліся, чакаючы, калі выкінуць на снег
каляную і рыпучую ад гарачыні адзежу.
Потым
даўмеліся: распраналіся па лесасецы і над вогнішчамі трэслі свае пажоўклыя ад
бруду і пражарак кашулі, пракодзілі пад полымем рубцамі, і толькі трэск ішоў ад
паразітаў. Калі б тады, барані божа, уплюнуўся тыфус, ён бы «вызваліў» увесь
лагер, але лёс быў літасцівы, а мы — трывушчыя.
Мы
з Мяжэвічам разам з туфтою налаўчыліся зарабляць часам аж восемсот грамаў хлеба і «прэмблюда” квадрацік густой аўсянай кашы.
ІІавярнула
на вясну, пабольшалі дні, прыгравала сонца, асядалі сумёты, каля пнёў чарнелі
праталіны, пацямнелі ад сцюжы і першага сонцца твары, парэпаліся, зашэрхлі,
задубянелі ад мазалёў рукі, на нагах, асабліва ў цяпле, нылі і торгалі
прымарожаныя паль-
цы.
Але трымала нас сяброўская еднасць. Алесю Пальчэўскаму пашанцавала прыстроіцца
рэгістратарам да лекпома ў так
званай санітарнай часці. А лек-помам быў тыповы блатнячок, малады, высокі Васёк
ссунутай на адно вуха кепачцы, у бушлаце з натапыраным каўняром. Яго медычныя
веды далей тэрмометра і рыцыны не сягалі. Скардзіўся яму на разводзе рабацяга
на гарачку і галаўны боль, Васёк грэбліва мацаў пульс і лоб і цадзіў праз зубы:
«Увечары зойдзеш, а цяпер шуруй на работу. Кубікі патрэбны. Панімаеш?» Начальству такі «медык» якраз і быў патрэбны.
Пальчэўскі
ў санчасці вёў усю канцылярыю, прысутнічаў па прыёмах, мераў тэмпературу і,
калі бачыў зусім саслабелага, прыбаўляў некалькі дзесятых, каб даць вызваленне
ад работы. Часам у спісы вызваленых цішком уключаў каго-небудзь з нас.
Масля
разводу ўсіх, хто заставаўся ў зоне, выганялі да вахты на паверку.
Прагульшчыкаў заганялі ў кандзей, з вызваленых па хваробе адбіралі дужэйшых
абіраць на кухні мёрзлую бульбу, чысціць рыбу, скрэбці флякі, калоць дровы і
цягаць ваду. Самым абразлівым было, што пры выхадзе з кухні абшуквалі ад вушэй
да пят. У каго знаходзілі прыхаваныя дзве-тры бульбіны або кавалак траскі,
збівалі да крыві, а самі работнікі кухні жэрлі не ў сябе ды яшчэ цягнулі з
сабою ў барак. Які я ні быў галодны, а ў заработкі на кухню да канца тэрміну
ніколі не хадзіў. Калі чалавек станавіўся рабом страўніка, траціў годнасць і
сорам, пачынаў лазіць па памыйніцах і сметніках, вылізваць у сталоўцы чужыя
міскі, рабіўся «шакалам», значыць, хутка яго ноччу вывезуць за вахту па групе
«Д».
Ад
дахадзяг ішоў цяжкі дух гнілой бульбы, гнілі і паносу. Пра такіх гаварылі:
«Кандыдат у сасновы бушлат». На першых парах, калі паміралі адзінкі, кульгавы
сталяр Міцька Сарокін збіваў для іх з няструганых аполкаў скрыпку, яе і
празвалі «сасновым бушлатам», а як пачаўся масавы мор, не хапала ні дошак, ні
сталяроў — вывозілі ў агульныя траншэі нават без бялізны, а зімою прысыпалі
снегам, бо ўкапаць мёрзлую, як каменны маналіт, зямлю ні ў кога не выстарчала
сілы.
Адзіны
ратунак у самых вялікіх пакутах — не апусціцца, не страціць волю, прыстойнасць,
не забыцца, што ты чалавек, і мець надзейнага друга. Любое гора з таварышам
дзеліцца напал і становіцца паловаю гора. Таму і трымаліся мы адзін аднаго:
Алесь Пальчэўскі, Уладзімір Мяжэвіч, прыгажун і выдатны журналіст Юрка
Такарчук, мой даўні друг Алесь Розна і я. Каму б ні прыйшла вестка з дому, яна
была нашай агульнай радасцю, пасылка дзялілася на ўсіх. Пасылкі ўскрываліся,
ператрасаліся і выдаваліся на вахце. Каму б яна ні прыйшла, атрымліваць мы ішлі
ўсе разам з добрымі кіямі, бо па завуголлю «чарцей-пасылачнікаў» цікавалі
блатары. Яны наляталі, накрывалі галаву бушлатам, білі кіем па галаве, вырывалі
скрынку з рук, і толькі іх бачыў, а ты лямантуй, крычы, кліч на дапамогу,—
ніхто не прыйдзе, толькі ўспамінай убачанае на вахце сальца, сухары і
блакітнаватыя драбочкі цукру. Колькі наглядчыкі ні спрабавалі шукаць
украдзенае, ніколі нічога не знаходзілі.
Мы
засвоілі прымітыўныя складанасці лагернага жыцця — трымаліся ўсе разам і неяк
жылі, малілі толькі бога і начальніка, каб хоць бы нас не разлучалі.
БЕЛЫЯ ЗДАНІ
Мой
напарнік Валодзя Мяжэвіч вельмі хутка засвоіў усе тонкасці падліку лясной
прадукцыі. Ён імгненна пераводзіў пагонныя метры ў кубічныя, беспамылкова
падлічваў кубатуру рудстойкі і дзелавой драўніны, шпальніку, балансу і
авіяфанеры. Гэта заўважылі дзесятнікі і бралі Валодзю сабе ў дапамогу, а нам за
гэта дапісвалі працэнты, а значыць, большала і пайка.
К
вясне мы акрыялі на пасылках і нашых «туфтовых» заработках. Навучыліся дакладна
валіць лес з пня, хутка пілаваць і калоць дровы, засвоілі, што выгадней
нарыхтоўваць, і круціліся як маглі. Праўду кажуць — голад не цётка, ён і ката
прывучыць гарчыцу есці.
ІІабольшалі
дні, прыпякала сонца, асядалі сумёты і дружна сходзіў снег, падсыхалі ад вахты
да ачаплення дарогі, набракла апырсканае пупышкамі бярозавае вецце,
выпстрыкнула вострая траўка, па абочыне пасінелі пралескі. Усё гэта хвалявала,
будзіла ўспаміны, а радасці
было мала. Суцяшала толькі, што
меней мерзлі, не грузалі па сумётах, на развод выходзілі завідна і вярталіся,
калі сонца толькі знікала за лесам. Было яшчэ светла, а па зоне, пабраўшыся адзін за аднаго, трымаючыся за
відушчага, вобмацкам і нармальнымі расплюшчанымі вачамі
ішлі хлопцы. Начальства вінаваціла іх у сімуляцыі; за тое, што не выходзілі на начныя пагрузкі,
саджала ў кандзей. А няшчасныя хлопцы плакалі і кляліся, што, як толькі
змеркне, нічога не бачаць. Падтакваў начальству і ліпавы прыблатнёны лекпом.
А
сляпых станавілася ўсё больш і больш. Удзень — нармальныя старанныя лесарубы, а
на змярканні пабяруцца адзін за аднаго, і сунецца па зоне чарада сляпых. Як ні
білася начальства, як ні мардавала ў ізалятары, відушчымі не станавіліся.
Заступіўся брыгадзір дахадзяжнай брыгады былы ветзрынарны ўрач Міхайлаў. Прыбыў
ён разам з намі з магілёўскай турмы. Быў адным з трох нерасстраляных
выкладчыкаў Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Іх вінавацілі ў шкодніцтве, у
тым, што прышчапвалі коням і каровам: сібірскую язву і сап. Як тыя ні
даводзілі, што ў беларускіх сёлах не было зарэгістравана ніводнага выпадку
гэтых хвароб, нічога не дапамагло: дзесяць чалавек расстралялі, траім далі па
дзесяць гадоў. Латарэя!
Вось
Міхайлаў і адважыўся прыйсці да начальства. 3 пабітым рабаціннем тварам,
надзьмуты, як гладышка, малодшы лейтэнант глядзеў трахомнымі вачыма на
колішняга палкоўніка ветэрынарнай службы зэка Міхайлава:
— Ну, чаго табе?
— Грамадзянін начальнік, я
хоць і ветэрынарны ўрач, але асновы анатоміі і фізіялогіі ведаю дасканала і
мушу сказаць, што вы дарэмна заганяеце ў ізалятар людзей, якія слепуць на
змярканні. Яны сапраўды не бачаць.
— А ты адкуль ведаеш?
Заступнік мне знайшоўся сімулянтаў і контрыкаў!
— Я вам хачу вярнуць
паўпацэнных работнікаў. У іх так званая курыная слепата. У арганізме адсутнічае
вітамін Д і іншыя неабходныя кампаненты. Яны ёсць у сырой пячонцы і рыбным
тлушчы. Паспрабуйце даць ім трохі пячонкі, і ўсе стануць відушчымі.
Начальнік
задумаўся.
--
Калі праўду кажаш, расканваірую, і пойдзеш рабіць на конбазу конскім доктарам,
ашукаеш, згнаю ў ізалятары. Так што
выбірай. Тлушчу і нашым дзецям няма. А дзе ўзяць пячонку?